BE RU EN

Уладальнік Tesla замкнуў выкрадальніка ўнутры аўто са смартфона

  • 15.05.2020, 17:15

Кур'ёзнае затрыманне выкрадальніка адбылося ў штаце Каліфорнія.

У амерыканскім штаце Каліфорнія адбылося кур'ёзнае затрыманне выкрадальніка электрамабіля Tesla. Аўтаўладальнік проста замкнуў са свайго смартфона зламысніка ў салоне аўтамабіля і выклікаў паліцыю, паведамляе Barstow Police Department у Facebook, паведамляе korrespondent.net.

Здарэнне адбылося на паркоўцы гандлёвага цэнтра.

У сваёй Tesla Model 3 сядзеў гаспадар. Да электракара падышоў невядомы, адчыніў дзверцы кіроўцы і запатрабаваў, каб уладальнік пакінуў салон. Мужчына наважыўся не супраціўляцца, спакойна выйшаў і дазволіў злачынцу сесці за стырно ягонага электрамабіля, завесці і пачаць рух.

Тады гаспадар скарыстаўся адмысловым дадаткам на сваім смартфоне і заблакаваў рух Tesla, а заадно зачыніў аўтазлодзея ў салоне.

Паліцыянты, якія прыбылі на месца здарэння, убачылі злачынца, які паводзіў сябе зусім неадэкватна. Пазней выявілася, што выкрадальнік, 21-гадовы Чарлі Сміт, быў у стане алкагольнага ап'янення.

Яму выставілі абвінавачанне ў выкраданні і арыштавалі.

Адзначым, што Tesla Model 3 была прадэманстраваная ў 2016 годзе. Акрамя блакавання дзвярэй і рэгулявання працы рухавіка, са смартфона можна таксама знайсці свой электракар праз геалакацыю, праверыць узровень зарада акумулятара і «паклікаць» Tesla, якая даедзе да ўладальніка з дапамогай аўтапілота.

Апошнія навіны