BE RU EN

Пасля вайны заўсёды бывае трыбунал

  • Ірына Халіп
  • 1.05.2020, 7:41

Ні ахвяры, ні забойцы не застануцца безыменнымі.

Гэта вайна. Амаль хрэстаматыйная - з акупацыйнай адміністрацыяй, з нявіннымі ахвярамі, з паліцаямі, з загараджальнымі аддзеламі, з публічнымі пакараннямі смерцю і прапагандысцкай хлуснёй. Мы на гэтай вайне - не жаўнеры. Мы - то самае цывільнае насельніцтва, якое апынулася ў зоне акупацыі. А цывільнаму насельніцтву на такой вайне рэдка выпадае захаваць нейтралітэт: яно ідзе або ў партызаны, або ў калабаранты.

З калабарантамі ўсё проста: яны штосілы ўдаюць, быццам нічога не адбываецца і жыццё ў краіне не мяняецца. Ходзяць у рэстарацыі і гандлёвыя цэнтры, робяць сэлфі ў фітнэс-клубах і барах, абвінавачваюць тых, хто носіць маскі, у параноі, і ўсяляк падтрымліваюць прапаганду. Партызаны ж шыюць маскі, развозяць гарачыя абеды ў шпіталі, купляюць за свае грошы сродкі аховы для лекараў, пішуць праўду ў незалежных медыях і сацыяльных сетках, прадзіраючыся скрозь ліпкае павуцінне прапагандысцкай хлусні. Дарэчы, пераход з калабарантаў у партызаны цалкам магчымы. Гэта адбываецца не таму, што камусьці раптоўна, пасля трэцяга кактэйлю ў напаўпустым бары раптам адкрываецца праўда, а пры драматычных абставінах, калі на каранавірус захворвае хто-небудзь з блізкіх. І тады былыя калабаранты з апантанасцю неафітаў урываюцца да партызанаў, патрабуюць забяспечыць іх самай цяжкай працай і шчыра не разумеюць, як яны раней маглі так памыляцца. А вось адваротны шлях - з партызанаў у калабаранты - немагчымы ні пры якіх акалічнасцях.

Не ведаю, колькі працягнецца гэтая вайна. Не ведаю, з якімі стратамі мы яе скончым. Затое ведаю, што нам з вамі трэба будзе заняцца пасля вайны: ушанаваннем памяці загінулых. Спачатку гэта было няпэўнае, пункцірнае, абстрактнае адчуванне - «трэба нешта зрабіць для мёртвых!», - а потым быў допіс Вікторыі Дашкевіч, дачкі актора Коласаўскага тэатра Віктара Дашкевіча. Спадар Віктар стаў першым памерлым ад каранавіруса беларусам, чыё імя акупацыйныя ўлады не здалелі захаваць у таямніцы: занадта вядомы чалавек, занадта смелыя для нашага часу сваякі, занадта гучная трагедыя. Праз месяц па ягонай смерці дачка Вікторыя напісала ў Фэйсбуку:

«Кепскі ты лекар, час. Або, можа, я дрэнная пацыентка. Трэба пакінуць корпацца ў сямейных архівах. Ці хаця б ва ўласнай памяці. Перастаць пераглядаць відэа. Вымкнуць мозг. Сёння мой «небарака, які не вытрымаў» сыграе «Квартэт». Адзін з самых улюбёных маіх спектакляў. Толькі даюць яго ў нязвыклы час, 20.10. І не ў драме, а на тэлеканале «Віцебск». Але варыянтаў я не маю. У нябесным тэатры ён будзе мець не менш зорныя ролі. Партнёраў там ужо багата».

А рыхтык гэтак. Заслужанага артыста, які адыграў у адным з найлепшых айчынных тэатраў дзясяткі роляў, вусаты паліцай назваў па смерці «небаракам, які не вытрымаў». Усе калабаранцкія медыі гэта з задавальненнем транслявалі і пляскалі ў далоні. А пасля «небаракі» быў проста «гэны»: «Пытаюся губернатара: ну чаму ў цябе гэны памёр?» А далей былі тлумачэнні пра залішнюю вагу, з якой не жывуць. «Гэны» - Уладзімір Сідараў, марскі афіцэр, былы камандзір вайсковага карабля. А ўсе, хто потым, ужо і не называліся. Пра іх не паводзіцца гаварыць. Іхнія імёны часам усплываюць, калі родзічы, адбыўшы карантын і не паспеўшы адвітацца, адкідваюць страх і пачынаюць апавядаць. А шмат хто і не апавядае - баяцца, што прыйдуць акупанты і даб'юць астатніх.

Дык вось, наша задача пасля вайны - аднавіць імёны ўсіх ахвяр. Мы не ведаем, колькі іх. Акупацыйны рэжым хавае і лічбы, і імёны, і гарады. І нам давядзецца знайсці іх усіх. І не толькі імёны, але і біяграфіі, і старыя фотаздымкі, і ўспаміны сваякоў, каб пасля смерці яны не сталі «небаракамі» і «гэнымі». Каб ніхто не абвінаваціў іх у тым, што няправільна жылі, не тое елі, не туды хадзілі. Каб ніхто не наважыўся сказаць, што іх наогул тут ніколі не было, і гаварыць няма пра каго.

Я не ведаю, што гэта будзе - кніга памяці, як пасля ранейшых войнаў, фотаальбом, мемарыял. Але іхнія імёны маюць быць захаваныя ў гісторыі нашай краіны. Імёны загінулых, якіх адправілі на смерць акупанты і паліцаі. Я ведаю, мы дамо рады. Мы не дамо ім распусціцца ў гісторыі, не пакінем іх безыменнымі.

А потым, вядома, зробім агульную фатаграфію - тыя, хто выжыў. Ссунемся шчыльней, каб запоўніць пустэчы, зоймем месцы мёртвых. Памаўчым хвіліну. І здзейснім правасуддзе над тымі, хто дапамог стварыць пустэчы на фатаграфіі. З гэтым спісам праблем не ўзнікне - забойцы не хаваюць асоб і імёнаў, ім невядомы сорам. Яны яшчэ не разумеюць, што давядзецца адказваць за ўсё. Бо гісторыю не вучылі і не ведаюць, што па вайне заўжды бывае трыбунал.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны