Каталіцкія святары ў Менску не будуць асвячаць стравы на велікодны стол
- 8.04.2020, 18:16
Каталіцкі касцёл наважыў адмовіцца ад абраду, каб пазбегнуць вялікай колькасці людзей.
У Менску каталіцкія святары не будуць асвячаць стравы на велікодны стол у Вялікую суботу 11 красавіка. Аб гэтым паведамляецца на сайце Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла.
Дабраслаўляць стравы павінны былі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юрый Касабуцкі. Аднак Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі наважыла адмовіцца ад гэтага абраду ў сталічных парафіях, каб пазбегнуць вялікай колькасці людзей ва ўмовах пандэміі каранавірусу.
Акрамя таго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спецыяльным дэкрэтам дазволіў вернікам сёлета здзейсніць дабраславеньне велікодных страў у хатніх умовах.
Раней мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў удзельнічаць у велікодных святкаваннях з дапамогай онлайн-трансляцый.
Сёлета католікі святкуюць Вялікдзень 12 красавіка.