BE RU EN

«Я вось 25 гадоў працую, але такога не было, каб уся вёска згарэла»

  • 8.04.2020, 16:39

Рэпартаж з Нарчы, дзе пажар знішчыў 20 дамоў з 27.

Вёска Нарчы ў Шчучынскім раёне згарэла амаль цалкам: 20 дамоў з 27. Прычынай стала спроба мясцовага жыхара выпаліць сухую траву на сваім падворку. Вецер разнёс агонь па дамах і дварах, большасць з якіх былі закінутыя, паведамляе «Белсат».

Сёння вёска Нарчы нагадвае здымачную пляцоўку «Беларусьфільма» для стужкі пра партызанаў і карнікаў. Адзінокія коміны на месцы былых дамоў, абгарэлыя дрэвы, дзе-нідзе дым яшчэ падымаецца над кучамі попелу і пачарнелага металалому.

На месцы ўжо другі дзень працуюць супрацоўнікі МНС і СК. Пажарныя з брандспойтаў тушаць яшчэ цалкам не прагарэлыя месцы, следчыя фатаграфуюць і бяруць тлумачэнні ў нешматлікіх мясцовых жыхароў.

«Я вось 25 гадоў працую, але такога не было, каб уся вёска, - кажа супрацоўнік МНС. - Усё згарэла, самі бачыце. Добра, што ахвяр няма: дамы пустыя былі. Нейкія закінутыя, некаторыя як лецішчы, мабыць, выкарысталі».

Крыху далей электрыкі працуюць на слупе з правадамі. Падачу электраэнэргіі спынілі на час пажару і тушэння, цяпер паступова аднаўляюць. Кажуць, што калі хаця б адзін дом застаўся жылым, то людзям трэба даць святло.

На падворку крайняга дома сустракаем жанчыну сталага веку Ірыну. Кажа, што тут жывуць яе бацькі, яна ж сама з Менска. Прыехала, калі даведалася пра пажар учора.

«Калі б вецер быў у другі бок, то мае бацькі б загінулі, - распавядае Ірына. - Сусед паліў траву на падворку, яму 70 гадоў, а потым у дом схаваўся. Вецер быў вельмі моцны, кажуць, 20 метраў за секунду. Галоўнае, што людзі жывыя. Там яшчэ крыж застаўся драўляны. Як яго агонь не зачапіў? Нават і не ведаю».

Дом 70-гадовага суседа Ірыны, з падворка якога і пайшоў пажар, дзіўна, але ацалеў. Трава ў яго выпаленая толькі на падворак. Кажуць, што мужчына быў не супраць выпіць, але ці быў п'яны ў дзень пажару - невядома.

Ірына кажа, што суседа забрала дачка. Ён на гэты момант не ў вёсцы, але, нібыта, і не пад вартай. Праверку па факце пажару праводзіць Следчы камітэт.

Апошнія навіны