BE RU EN

Урад Літвы зможа рэгуляваць кошты ва ўмовах карантыну

  • 8.04.2020, 11:55

Папраўкі да закона аб грамадзянскай абароне былі прынятыя Сэймам у тэрміновым парадку.

7 красавіка Сэйм Літвы прыняў закон, які дазваляе ўраду краіны ва ўмовах карантыну ўстанаўліваць максімальныя кошты асноўных тавараў і паслуг, паведамляе карэспандэнт Charter97.org у Вільні. Папраўкі да закона аб грамадзянскай абароне былі прынятыя ў тэрміновым парадку.

Прынятыя папраўкі дазволяць устанаўліваць максімальна магчымыя кошты тавараў і паслугі першай неабходнасці, уводзіць неабходныя абмежаванні на продаж такіх тавараў і паслуг, усталёўваць магчымыя межы продажу тавараў і паслуг, а таксама ўводзіць забарону на вываз пэўных тавараў з краіны.

«Служба абароны правоў спажыўцоў ужо атрымлівае запыты аб магчымым падвышэнні коштаў - асабліва што да падаражэння сродкаў дэзінфекцыі, рэспіратараў і масак. Паніка прымушае людзей купляць больш тавараў першай неабходнасці, чым ім трэба. Гэта павялічвае попыт на канкрэтныя тавары», - растлумачыў міністр юстыцыі Літвы Эльвінас Янкявічус.

Раней некаторыя з краін ЕЗ зрабілі аналагічныя захады: у Францыі ўстаноўлены максімальныя кошты сродкаў дэзінфекцыі, Чэхія ўстанавіла граніцу коштаў рэспіратараў.

У тлумачальнай нататцы да законапраекта адзначаецца, што рэгуляванне коштаў, аб'ёму прадукцыі і забарона на экспарт павінны ўводзіцца толькі пры крайняй неабходнасці. Максімальны тэрмін увядзення абмежаванняў не павінен перавышаць працягласць надзвычайнай сітуацыі.

Літва ўвяла карантын у сувязі з каранавірусам з 16 сакавіка, пазней ён быў падоўжаны да 13 красавіка. Прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс заявіў аб тым, што карантын будзе працягнуты яшчэ мінімум на два тыдні. На 9 раніцы 8 красавіка, у Літве зафіксавана 912 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі і 15 смерцяў ад каранавіруса.

Апошнія навіны