BE RU EN

Менскія ўстановы грамадскага харчавання закрываюцца на карантын

  • 7.04.2020, 17:59

Прыватны бізнэс не чакае спецыяльнага распараджэння ўладаў.

Праз каранавірус менскія ўстановы грамадскага харчавання адна за адной закрываюцца на карантын. На гэтым тыдні да «самаізаляцыі» падключыліся яшчэ дзясятак кавярняў і рэстарацый, піша аfisha.tut.by.

Seafood Bar by John Dory (Рэвалюцыйная, 17)

Адміністрацыя бара морапрадуктаў у выхадныя паведаміла, што ўстанова сыходзіць на вакацыі. «Наша каманда шануе кожнага госця, даражыць ім, таму на час мы зачыняем дзверы, але з нецярпеннем чакаем новых сустрэч», - сказана ў Instagram Seafood Bar.

«Камуналка» (Карла Маркса, 21)

Кавярня адэскай кухні таксама цяпер не працуе. У сацсетках «Камуналкі» з'явілася такое паведамленне ў фірмовым стылі: «Ешце госці дарагія, але толькі дома. Мы не працуем, наогул не працуем, нават парачку хвілін, і калі адкрыемся - не маем ведаць. Разбалабонім адразу, як даведаемся».

Simple (Свярдлова, 2)

Рэстарацыя сучаснай беларускай кухні таксама закрылася на нявызначаны тэрмін. «Мабыць, прычыны вы самі разумееце. Гэта, безумоўна, вымушаны і часовы захад. Але толькі так ёсць шанец на наша выжыванне і хуткае вяртанне», - напісалі ў звароце да гасцей прадстаўнікі Simple.

The Office (Кульман, 9)

Кальянная The Office з пачатку красавіка таксама ўзяла паўзу. «Зычым вам добрага самаадчування і цудоўнага настрою», - напісалі прадстаўнікі ўстановы ў сацсетках і паабяцалі трымаць падпісчыкаў у курсе далейшага развіцця падзей.

«Шыкары» (праспект Незалежнасці, 18)

Рэстарацыя паназіяцкай кухні таксама не функцыянуе. У Instagram нам паведамілі, што цяпер установа працуе толькі на дастаўку. Пры гэтым другі філіял «Шыкара» на Сурганава, 50, прадаўжае прымаць гасцей.

Hookah Place (Інтэрнацыянальная, 27)

Кальянная Hookah Place, якая ў канцы сакавіка трапіла ў невялікі скандал з рэкламай на тэму каранавірусу, цяпер таксама не працуе стацыянарна. Цяпер персанал дастаўляе сваю прадукцыю гасцям на дом.

Rosso (Веры Харужай, 36)

Кавярня Rosso закрылася на перыяд з 4 да 20 красавіка - адпаведная аб'ява размешчаная на дзвярах установы. Што будзе пасля гэтай даты, адміністрацыя не піша.

«Свае» (праспект Незалежнасці, 22)

Не працуе і рэстарацыя народнай кухні - лаканічнае паведамленне пра гэта з'явілася ў шапцы профілю «Свае» ў Instagram. Іншых падрабязнасцяў адміністрацыя паведамляць не стала. Праз тэлефон дастаўкі нам сказалі, што замовіць ежу на дом з рэстарацыі таксама не выйдзе.

Stvol House (Пятра Мсціслаўца, 8)

Рэстарацыя-бар пакуль таксама не бярэ гасцей. Як паведамілі ў самой установе, гэты захад будзе доўжыцца як мінімум да 1 траўня. Што будзе пасля - на гэты момант незразумела.

Bernardin (Кірылы і Мяфодзія, 8)

Часова не працуе і гастрапаб «Бернардзін». Іншых падрабязнасцяў ад сеткі «Старамесны півавар» няма.

Апошнія навіны