BE RU EN

Маці галоўнага трэнера «Манчэстар Сіці» Гвардыёлы памерла ад каранавіруса

  • 6.04.2020, 20:06

Жанчына памерла ў гішпанскай Манрэсе.

Маці гішпанскага футбольнага трэнера Хасепа Гвардыёлы, Далорэс Сала Карыа, у якой раней пацвердзілі каранавірусную інфекцыю, памерла ў горадзе Манрэса. Пра гэта паведамілі ў Twitter ангельскага клуба «Манчэстэр Сіці», паведамляе РБК.

Удакладняецца, што ёй было 82 гады. Прадстаўнікі каманды выказалі спачуванні трэнеру, а таксама астатнім родным і блізкім нябожчыцы. Напярэдадні стала вядома, што Гвардыёла ахвяраваў €1 млн Аб'яднанню лекараў Барселоны на барацьбу з вірусам.

Згодна з актуальнымі звесткамі Універсітэта Джонса Хопкінса, на 6 красавіка COVID-19 ва ўсім свеце заразіліся звыш 1,2 млн чалавек, памерлі больш за 70 тысяч. У Гішпаніі зафіксавана больш за 135 тысяч выпадкаў інфікавання, больш за 13 тысяч з іх скончыліся смяротным зыходам.

Розыгрыш Ангельскай прэм'ер-лігі цяпер прыпынены праз пандэмію. Пасля 28 матчаў «Манчэстар Сіці» ідзе другім у табліцы з 57 баламі, адстаючы ад «Ліверпуля», які ў лідарах, на 25 балаў.

49-гадовы Гвардыёла ўзначальвае «Манчэстар Сіці» з 2016 года. Да гэтага ён трэніраваў «Барселону», за якую гуляў 11 гадоў, і мюнхенскую «Баварыю». Спецыяліст па тры разы выйграваў чэмпіянаты Гішпаніі і Нямеччыны, двойчы - чэмпіянат Англіі. Яшчэ два разы ён перамагаў у Лізе чэмпіёнаў.

Апошнія навіны