У Расеі мужчына застрэліў пецярых чалавек за тое, што яны гучна размаўлялі
- 5.04.2020, 21:29
32-гадовага расейца затрымалі.
У паселішчы Елацьме (Разанская вобласць, РФ) 32-гадовы мужчына з паляўнічай стрэльбы застрэліў пецярых чалавек, паведамляе разанская ўправа Следчага камітэта РФ.
Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары 4 красавіка, піша gordonua.com.
"Паводле версіі следства, мужчына, знаходзячыся на балконе сваёй кватэры, зрабіў заўвагу грамадзе маладзёнаў, якія гучна размаўлялі на дварэ пад ягонымі вокнамі. Паміж імі адбыўся слоўны канфлікт, у выніку якога мужчына ўзяў зарэгістраваную гладкарулевую паляўнічую стрэльбу, якая знаходзілася ў ягонай кватэры, выйшаў у пад'езд і зрабіў стрэлы ў чатырох дзецюкоў і жанчыну", - сказана ў паведамленні.
Усе яны, паводле звестак СК, памерлі на месцы ад атрыманых ран.
Падазраванага затрымалі. "Найбліжэйшым часам будуць прызначаныя ўсе неабходныя экспертызы. Следства мае намер хадайнічаць аб абранні затрыманаму меры стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту”, - заявілі ў СК.
За наўмыснае забойства двух і больш чалавек Крымінальным кодэксам РФ прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад васьмі да 20 гадоў або пажыццёвага зняволення.