Мы абавязаныя перамагчы
- АНДРЭЙ ІСАКАЎ
- 5.04.2020, 14:51
З аднаго боку COVID-19 і ілжывая ўлада. З іншага - усе мы.
Разгар пандэміі каранавірусу, а ўлады Беларусі не проста злачынна бяздзейнічаюць. Яны яшчэ спрыяюць распаўсюджванню гэтай заразы сярод як мага большай колькасці жыхароў краіны.
Дыктатар на ўсю краіну нясе адкрытую ахінею пра сауны, гарэлку, трактары і хакей. Міністры, «дэпутаты» і іншыя чыноўнікі, як боўдзілы, моўчкі махаюць у такт сваімі галовамі, МУС бяздзейнічае, а Міністэрства аховы здароўя чагосьці чакае, ведаючы рэальную сітуацыю.
Толькі лекары на перадавой ратуюць жыцці людзей. Многія з іх распавядаюць пра тое, што адбываецца напраўду. Калі чытаеш гэтую інфармацыю - разумееш, наколькі адрозніваюцца нашы міры - рэальнае жыццё і ілюзія афіцыйнай прапаганды.
Улады з рыпам зубоў прадоўжылі вакацыі для школьнікаў. Студэнты пры гэтым прадаўжаюць вучобу. Праводзяцца суботнікі і чэмпіянат у футболе. Тыя групы, якія раней дамовіліся аб дыстанцыйным навучанні са сваімі выкладчыкамі, вяртаюць назад у аўдыторыі.
Чым гэта скончыцца, мы ўжо бачым. Сёння стала вядома, што ў інтэрнаце БДМУ №10 закрытыя сотні навучэнцаў праз пацверджаны выпадак каранавірусу. Шпіталізаваныя студэнты ў Менску, Мазыры і Віцебску.
Але ж СМІ яшчэ месяц таму папярэджвалі, што ВНУ стануць рассаднікамі інфекцыі! Чаму не паслухалі?
Думалі, што атрымаецца як тады, у 1986 годзе, калі нашых бацькоў адпраўлялі на парады праз тыдзень пасля выбуху ў Чарнобылі, калі дакладна гэтак жа ўтойвалі праўду? Не, не атрымаецца. Па-першае, ужо тады мы зразумелі, што вам верыць нельга. Па-другое, інтэрнэт і незалежныя СМІ замянілі самвыд. Сотні тысяч беларусаў цяпер атрымліваюць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу і пачынаюць разумець і ўсведамляць, наколькі рэальная небяспека.
Сёння мы на вайне. З аднаго боку - каранавірус і ілжывая ўлада. З іншага - усе мы. Мы абавязаныя перамагчы.
Андрэй Ісакаў, прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»