У Буда-Кашалёўскую лякарню праз каранавірус забралі 39 чалавек
- 4.04.2020, 13:55
Успышка інфекцыі звязаная з заняткамі ў Гомельскай спартовай школе.
У Буда-Кашалёўскую лякарню праз каранавірус пад назіранне лекараў змешчаныя 39 чалавек.
Пра гэта распавяла gomel-region.by галоўная лекарка Цэнтральнай раённай лякарні Жанна Яўтухова.
- 2 красавіка ў наша інфекцыйнае аддзяленне дастаўленыя 39 жыхароў пасёлка Камунар. Гэта ўсё кантакты першага ўзроўню школьніка, які займаўся ў гомельскай СДЮШАР №4, дзе зарэгістраваныя два выпадкі пнеўманіі з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каранавірусу SARS/2019-nCoV (COVID-19). Таму ў мэтах ужывання прафілактычных захадаў і правядзення супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў мы супольна з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі адпрацавалі ўсе магчымыя кантакты.
Было выяўлена і накіравана на карантын 39 чалавек. Усе шпіталізаваныя адчуваюць сябе добра. Знаходзяцца пад сталым наглядам медыцынскіх работнікаў. Ва ўсіх узялі неабходныя аналізы, арганізаванае іх лабараторнае абследаванне. Згодна з вынікамі будуць прымацца адпаведныя захады.
Варта аддаць належнае бацькам дзяцей. Ніякай панікі не было. Усе ў гэтай няпростай сітуацыі праявілі свядомасць, паводзілі сябе спакойна, дапамагалі супакоіць дзяцей. Зразумейце, што менавіта такія захады - своечасова ўстанавіць кантакты, ізаляваць іх, узяць пад назіранне - дапамагаюць, у выпадку пацверджання дыягназу - надаць своечасовую кваліфікаваную дапамогу і спыніць распаўсюд інфекцыі.