BE RU EN

Відэафакт: У Белавежскую Пушчу вяртаюцца мядзведзі

  • 3.04.2020, 12:33

Іх тут не было амаль 200 гадоў.

У аб'ектыў фотапасткі, усталяванай у Белавежскай Пушчы, трапіў буры мядзведзь, паведамляе tut.by са спасылкай на сайт нацыянальнага парка.

Мядзведзяў у XVIII стагоддзі ў пушчанскіх лясах было шмат, але іх знішчала лясная ахова. Інтэнсіўнае паляванне на звяроў тлумачылася тым, што яны небяспечныя для ўсёй дзічыны і асабліва для зуброў. Выпадкі нападу мядзведзяў на зубра, несумненна, мелі месца, але звычайна гэтыя жывёлы ўмелі за сябе пастаяць.

У пачатку XIX стагоддзя на падставе барацьбы з драпежнікамі паляванне на мядзведзяў узмацнілася. Магчыма, гэты звер знішчаўся не толькі праз каштоўнасць шкуры, але праз адмоўнае ўздзеянне мядзведзяў на бортніцтва.

Інтэнсіўны пераслед драпежнікаў прывёў да таго, што ў 1846 годзе быў забіты апошні пушчанскі мядзведзь, які за адно лета задраў пяць зуброў.

Толькі праз паўстагоддзя, у 1937 годзе, польская лясная адміністрацыя паспрабавала развесці ў Пушчы мядзведзяў шляхам іх завозу з іншых месцаў. З Палесся прывезлі 7 маладых мядзведзяў ва ўзросце паўтара года кожнаму, але неўзабаве большасць жывёлін загінула праз чалавека.

У наступным, 1938 годзе годзе для аднаўлення папуляцыі мядзведзяў у Белавежскую Пушчу з Пазнанскага заапарка прывезлі цяжарную самку. Для мядзведзіцы ў цэнтральнай частцы пушчы збудавалі вялікую клетку, дзе яе першапачаткова змяшчалі. А калі самка нарадзіла двух медзведзянят, усю сям'ю адразу ж выпусцілі на волю. Гэтых драпежнікаў неаднаразова назіралі ў лесе ў 1939 годзе.

Падчас Другой сусветнай вайны немцы выпусцілі ў Пушчу яшчэ двух мядзведзяў, якія ранілі і забівалі людзей, таму неўзабаве былі застрэленыя.

У ліпені 2003 года ў Белавежскай Пушчы, недалёка ад вёскі Клепачы Пружанскага раёна, былі выяўлены сляды мядзведзя на аўсяным полі. Відавочна, драпежнік затрымаўся на некаторы час на шляху сваёй міграцыі.

Пытанне пра засяленне мядзведзяў у Белавежскую Пушчу было закранутае ў 2011 годзе пасля таго, як навукоўцы Нямеччыны прапанавалі аднавіць папуляцыю бурага мядзведзя. Да праекта падключылася Нацыянальная Акадэмія навук Рэспублікі Беларусь. Але ён не быў рэалізаваны.

Апошнія навіны