BE RU EN

15 гарадоў Еўропы атрымалі статус «творчых»

  • 13.04.2020, 18:22

Усе яны такім чынам далучыліся да Сеткі творчых гарадоў.

Новыя еўрапейскія чальцы гэтай сеткі знаходзяцца ў 10 краінах: па два гарады былі адзначаныя ў Францыі (Ангулем і Мец), Італіі (Бергама і Біела), Партугаліі (Калдаш-да-Раінья і Лейрыя), Нямеччына (Патсдам і Карлсруэ) і Гішпаніі (Вальядалід і Лірыя); па адным - у Фінляндыі (Кухма), Вугоршчыне (Веспрэм), Даніі (Вібарг), Эстоніі (Вільяндзі) і Польшчы (Вроцлаў), паведамляе «Европульс».

Гэтыя гарады дамагліся поспехаў у адным з 6 кірункаў, вызначаных ЮНЕСКА: у літаратуры, гастраноміі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, музыцы, кіно і медыя-мастацтве (акрамя гэтага ЮНЕСКА адзначае гарады ў сферы дызайну). Так, Патсдам атрымаў свой статус за поспехі ў галіне кінематаграфіі - у горадзе знаходзіцца найстарэйшая з буйнамаштабных кінастудый свету «Бабельсберг».

Сетка творчых гарадоў ЮНЕСКА аб'ядноўвае гарады, у аснове развіцця якіх ляжыць той ці іншы кірунак мастацтва - часцяком гэта адлюстраванае ў планах развіцця горада.

Разам з 15 гарадамі Еўразвязу да Сеткі творчых гарадоў далучыўся яшчэ 51 горад, два з іх - прадстаўнікі Расеі (Казань, адзначаная па лініі музыкі, і Каргапаль - за дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

ЮНЕСКА прысвойвае статус творчых гарадоў з 2004 года, цяпер гэтая сетка аб'ядноўвае 246 гарадоў, больш за 50 з якіх знаходзіцца ў краінах Еўразвязу.

Апошнія навіны