BE RU EN

Пяць новых навыкаў, якія спатрэбяцца нам у будучыні

  • 10.04.2020, 21:50

Адзін з іх - культура пастаяннага навучання.

У найбліжэйшай будучыні чалавецтву давядзецца расхлёбваць наступствы сваіх жа дасягненняў: ратавацца ад індустрыялізацыі і пластыка, кантраляваць выкарыстанне назапашанай ядзернай зброі і вучыцца канкураваць з машынамі, піша для nv.ua PR-дырэктарка Dentsu Aegis Network Ukraine Таццяна Юрчанка.

Такі сцэнар існаваў на канец 2019-га. А ўжо пачатак 2020-га перакроіў яго і дадаў чацвёрты выклік - біялагічны. Адукацыя не была гатовая і да першых трох, чацвёрты ж праявіў яе бездапаможнасць.

Адукацыя старога ўзору працавала ва ўмовах стабільнасці, а жыццё на Зямлі ўжо даўно перастала быць стабільным. Тая адукацыя працавала ў закрытых культурах, а мы даўно ўжо касмапаліты. Яна давала час на «падумаць», а сёння ёсць час толькі на «дзейнічаць».

Нягледзячы на шалёную папулярнасць тэхналагічных дысцыплін, адукацыя незваротна гуманітарызуецца, то бок перш за ўсё становіцца пра чалавека, для чалавека і дзеля чалавека. Гэты перыяд можна назваць стартам умоўнага Адраджэння 2.0. Бясспрэчна, мода на кібернетыку, робататэхніку або праектаванне нонаматэрыялаў будзе толькі расці, аднак тэхналогіі будуць успрымацца як інструменты ў дасягненні адзінай мэты - выжывання чалавека як віду і ўдасканалення бяспекі і якасці чалавечага жыцця.

Некаторыя падмяняюць эвалюцыю адукацыйнай сістэмы тэхнічным прагрэсам. Аднак бурнае развіццё EdTech (еducational technologies) толькі дазваляе абнавіць форму навучання, змест жа змяняецца каштоўнаснымі катэгорыямі. І цяпер на фоне глабальнага крызісу, выкліканага пандэміяй, гэтыя каштоўнасці як ніколі прэтэндуюць на месца атлантаў у адукацыі новай рэальнасці.

1. Адчуванне глабальнага грамадзянства

Ужо немагчыма жыць у межах нацыянальных межаў. Эканоміка і экалогія настолькі глабалізаваныя, што нязладжаныя і эгаістычныя дзеянні адной дзяржавы шкодзяць суседняй. Ужо немагчыма жыць у індывідуалістычных межах. Ігнаруючы карантын, людзі «старой адукацыі» думаюць, што распараджаюцца сваёй свабодай, а людзі «новай адукацыі» расцэньваюць гэта як небяспеку для іншых.

Глабальнае грамадзянства павінна навучыць краіны дамаўляцца, а людзей - ахвяраваць сваім жаданнем, калі гаворка ідзе пра бяспеку ўсіх. Гэта як клопат пра блізкага, якому нас вучылі ў старой школе, аднак адлегласці з тых часоў вельмі скараціліся, і цяпер той, хто жыве на іншым паўшар'і, таксама стаў блізкім.

Свету крытычна не стае ўзаемнай адказнасці, а яна генеруецца пачуццём датычнасці і здольнасцю суперажываць. Эмпатыя як навык павінна выкладацца ў школах, а КСА - уваходзіць у абавязковыя дысцыпліны бізнэс-адукацыі.

2. Гнуткасць мыслення

Covid-19 дае магчымасць назіраць у рэальным часе, як адбываецца натуральны адбор тыпаў мыслення. На фоне пандэміі адны бізнэсы безапеляцыйна вешаюць таблічку «закрыта», іншыя - спрабуюць адаптаваць бізнэс-мадэлі да новых рэалій. За першымі кампаніямі стаіць фіксаванае або рамачнае мысленне, за другімі - гнуткае мысленне або мысленне росту (вядомая класіфікацыя Кэрал Дверк).

Гнуткасць выхоўваецца толькі ў культуры, дзе паважаюць памылкі, цэняць выпрабаванні і вызнаюць свабоду творчасці. Гэта апісанне мала падобнае на звыклае для нас школьнае або ўніверсітэцкае асяроддзе.

Гнуткасць дасягаецца і развіваецца напісаннем сцэнарыяў - мадэляваннем дзясяткаў варыянтаў на адну падзею дазваляе ва ўмовах турбулентнай зменлівасці аператыўна дыверсіфікаваць бізнэс, рэарганізаваць кіраўнічыя працэсы, перакваліфікавацца і да таго падобнае. Сцэнары - гэта новыя рэфераты ў адукацыйным працэсе.

3. Культура пастаяннага навучання

Многія запомняць гэтую пандэмію перш за ўсё як досвед рэзкай страты працы. Карантынныя захады праз каранавірус сталі для чалавецтва маленькай рэпетыцыяй знікнення пэўнага пласта працоўных месцаў. І хоць усе мы разлічваем на аптымістычны сцэнар і больш хуткае вяртанне да працы пасля пераадолення пандэміі, горкі смак прафесійнай непатрэбнасці свет паспее адчуць спаўна. Хай гэта будзе не прысудам, а папярэджаннем рыхтавацца да значна больш магутнага выкліку, які нагоніць нас у найбліжэйшыя 10 гадоў - глабальнае беспрацоўе ў сувязі з Чацвёртай прамысловай рэвалюцыяй.

Урад-лідары і карпарацыі-лідары ўжо прымаюць прэвентыўныя меры: у студзені гэтага года Сусветны эканамічны форум у Давосе падаў ініцыятыву Reskilling Revolution, закліканую забяспечыць 1 мільярд чалавек найлепшай адукацыяй, уменнямі і працоўнымі месцамі да 2030 года. Аднак без гена бесперапыннага навучання, усе гэтыя ініцыятывы будуць заставацца маніфестамі. Працягласць жыцця канкрэтнага навыку скарачаецца з кожным годам, і гэта павінен разумець як высокааплатны IT-спецыяліст у Крамянёвай даліне, так і працаўнік канвеера на фабрыцы. Імунітэту да старэння навыкаў няма ні ў каго, але ёсць вакцына - культура пастаяннага навучання.

4. Калабарацыі як штодзённая гігіена

Пандэмія - гэта тэст на здольнасць да партнёрства. Калі няма часу на выбудоўванне працэсаў, але патрабуецца хуткае развязанне праблемы, пачынаюць працаваць калабарацыі. За адзін дзень аб'ядноўваюцца кампаніі па рытэйле, лагістыцы, медыя, каб унесці сваю частку кампетэнцыі ў сумесны праект, жыццёва неабходны для грамадства. Эфектыўнае партнёрства - гэта такі ж навык, як уменне пісаць сачыненне. Навучальны кантэнт павінен дастаўляць сёння не тэорыю працэсаў, а практыку праектнай працы і метадалогію супрацоўніцтва.

5. Абноўленае лідарства

Партнёрства, апісанае вышэй, запатрабуюць натхняльнікаў або генератараў працэсаў. Гэта і будуць новыя лідары. Яны будуць думаць катэгорыямі «мы» і будаваць сувязі паміж рознымі кампетэнцыямі, філасофіі і культуры - гарызантальныя сувязі, не вертыкальныя. І каб аб'ядноўваць гэтыя рознасці, новы лідар павінен валодаць лічбавай пісьменнасцю, быць IT-падкаваным, спрытным, гнуткім і дапытлівым. Успрыманне лідара праз характарыстыкі сілы і сляпога аўтарытэту будзе ўсё больш нівеліравацца. І адукацыйная сістэма павінна забяспечыць палігон для трэніроўкі новых навыкаў правадыроў новага грамадства.

Апошнія навіны