Польшча пачне вытворчасць генетычных тэстаў на каранавірус
- 10.04.2020, 21:15
Сёння Нацыянальны інстытут гігіены прызнаў яго эфектыўнасць.
Польшча пачне вытворчасць генетычных тэстаў на каранавірус. Пра гэта паведаміла Міністэрства аховы здароўя Польшчы. Генетычны тэст быў распрацаваны Польскай акадэміяй навук у Познані. Сёння, 10 красавіка, Нацыянальны інстытут гігіены прызнаў яго эфектыўнасць, паведамляе «Польскае радыё».
Доктар медыцынскіх навук з Нацыянальнага інстытута гігіены Катажына Панцэр заявіла, што тэсты паспяхова прайшлі працэс валідацыі.
«Мы праверылі адчувальнасць тэсту да інгібітараў, якія прысутнічаюць у клінічных узорах, а таксама яго здольнасць выяўляць прысутнасць генетычнага матэрыялу віруса ў тых жа клінічных узорах», - адзначыла супрацоўніца Нацыянальнага інстытута гігіены.
Чакаецца, што на наступным тыдні будуць праведзены 150 тысяч генетычных тэстаў на наяўнасць каранавіруса. Усе яны будуць перададзены Міністэрству аховы здароўя Польшчы.
За апошні дзень у Польшчы зроблена больш за 10 тысяч тэстаў на каранавірус. У Міністэрстве аховы здароўя разлічваюць, што ў найбліжэйшыя дні магутнасці тэставання дасягне 20 тысяч даследаванняў у дзень.
Дагэтуль у Польшчы пацверджаны 5742 выпадкі заражэння каранавіруснай інфекцыяй, у тым ліку 175 смяротных вынікаў.