Рэктар БДУ заклікаў студэнтаў не выязджаць з Менска
- 10.04.2020, 18:41
Андрэй Кароль выступіў з адкрытым зваротам.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль звярнуўся да студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта і папрасіў іх не выязджаць з Менска, піша tut.by. «Многае для дасягнення агульнай бяспекі сёння робяць нашы медыкі, але і не менш залежыць ад паводзінаў кожнага з нас», - сказаў у сваім адкрытым звароце рэктар самага буйнога ўніверсітэта краіны.
Андрэй Кароль пачаў свой зварот з нагадвання, што БДУ - гэта згуртаваная сям'я, якая за сваю гісторыю не раз паказвала адзінства і здольнасць супрацьстаяць усім выклікам і пры гэтым заставацца ўзорам для ўсяго грамадства.
- Таму я звяртаюся да кожнага з амаль 40-тысячнай сям'і БДУ з асабістай просьбай напярэдадні выходных і будучых святаў максімальна скараціць перасоўванне, забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне і не выязджаць за межы Менска. Гэта досыць простае дзеянне істотна павысіць узровень бяспекі для вас, вашых родных і блізкіх.
Рэктар запэўніў, што БДУ робіць усё, каб захаваць бесперапыннасць і якасць адукацыйнага працэсу і гарантаваць пры гэтым бяспеку працы і вучобы.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт быў адной з першых ВНУ, хто пачаў пераводзіць адукацыйны працэс у онлайн. Цяпер лекцыі, семінары і практычныя заняткі цалкам праходзяць у дыстанцыйным рэжыме на адукацыйным партале ўніверсітэта.