«Можа стаць дрэнна ў кожны момант»: беларус з COVID-19 распавёў Euronews пра сваю хваробу
- 10.04.2020, 8:39
Праз адсутнасць карантыну ў краіне можа значна павялічыцца колькасць інфікаваных.
Беларус Віктар разам з сябрам у пачатку сакавіка ездзіў на канцэрт у Бэрлін. 10 сакавіка ён вярнуўся ў Менск. Праз некалькі дзён ягонаму сябру стала дрэнна, у яго выявілі каранавірус, паведамляе Euronews.
Віктара тут жа павезлі ў лякарню:
«Мяне адразу забралі як кантакт першага ўзроўню, бо я з ім камунікаваў. Калі прывезлі, на раніцу зрабілі мазок, і праз паўтара дня ў мяне выявілі вірус. Як мы маглі заразіцца? Мы ездзілі на канцэрт. Там было паўтары тысячы чалавек».
Усе тэсты Віктара на каранавірус далі станоўчы вынік, але першыя сімптомы ў яго з'явіліся толькі праз 13 дзён.
«У адзін момант у мяне паднялася тэмпература да 38, і было падазрэнне на пнеўманію. Быў рэдкі кашаль, закладзены нос без катару, прапаў нюх», - распавёў Віктар.
Са слоў Віктара, калі б не тэст, ён бы не даведаўся, што інфікаваны: вёў бы звычайнае жыццё і мог бы заразіць многіх іншых.
Цяпер маладзён адчувае сябе ўжо значна лепш. Але, каб выпісацца з клінікі, яму трэба здаць два адмоўныя тэсты.
«Я б не стаў проста панікаваць наконт віруса, але і не стаў бы, гледзячы на мяне, думаць, што гэта можа прайсці ў даволі лёгкай форме. Пнеўманія можа пачацца ў кожны момант вельмі хутка. Таму не проста так я ляжу ў шпіталі. Можа стаць дрэнна ў кожны момант».
«Тут няма вірусаў ніякіх»
Рэспубліка Беларусь - адна з нешматлікіх краін, дзе няма карантыну, але петыцыю на платформе change.org з заклікам увесці яго падпісалі ўжо амаль 155 тысяч беларусаў. Беларусы перакананыя, што хворых у краіне значна больш, чым паведамляе Міністэрства аховы здароўя, толькі ім ставяць дыягназ «пнеўманія».
Лукашэнка нядаўна заявіў, што найлепшы спосаб супрацьстаяць каранавірусу - займацца спортам і бываць на свежым паветры.
«Тут няма вірусаў ніякіх. Вось ты ж не заўважыла, што яны лётаюць, і я таксама не бачу. Гэта лядоўня, гэта самае лепшае здароўе. Лепш, чым спорт, асабліва лёд, лядоўня гэты... Антывірусныя лекі самае сапраўдныя», - заявіў нядаўна падчас хакейнага матчу Лукашэнка.