BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя зноў хлусіць?

  • 30.03.2020, 17:49

Міністэрства аховы здароўя заяўляла, што ў Беларусі няма пацыентаў на ШВЛ.

Журналістам стала вядома, што 75-гадовы актор віцебскага драмтэатра імя Якуба Коласа, з 24 сакавіка знаходзіцца ў рэанімацыі з запаленнем лёгкім на апараце ШВЛ. 26 сакавіка выявілася, што ў яго станоўчы тэст на каранавірус. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на словы жонкі актора.

Муж і жонка адчулі сябе дрэнна 20 сакавіка, у іх паднялася тэмпература. 21 сакавіка пару актораў шпіталізавалі ў чыгуначны шпіталь. У іх узялі тэсты на каранавірус, якія паказалі адмоўны вынік. Пасля 5 дзён у лякарні, 25 сакавіка, жанчыне стала лепш, яе выпісалі і абавязалі выканаць 14-дзённы карантын, а мужчыну - горш, яго перавялі ў рэанімацыю.

- Мужу на пяты дзень лячэння стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Да таго ж муж мае хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх, - распавяла жонка хворага на каранавірус актора.

Станоўчы вынік тэсту на каранавірус у актора стаў вядомы 26 сакавіка.

Сайт The Village Беларусь нагадвае, што ў пятніцу, 27 сакавіка, калі актор тэатра ўжо 3 дні быў на ШВЛ, як кажа ягоная жонка, намесніца Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан заявіла падчас брыфінгу, што ў Беларусі няма пацыентаў з каранавірусам, якім бы патрабавалася штучная вентыляцыя лёгкіх:

- Пацыентаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх на сёння няма. У пацыенткі, якая была пад інтэнсіўным назіраннем, адзначаецца станоўчая дынаміка. Агулам сітуацыя застаецца спакойнай і кантраляванай на ўсёй тэрыторыі нашай рэспублікі, - сказала Алена Богдан.

Апошнія навіны