Папа Рымскі на пустой плошчы Святога Пятра памаліўся пра завяршэнне пандэміі
- 28.03.2020, 12:34
Пантыфік прачытаў урывак з Евангелля пра Хрыста і яго вучняў, якія трапілі ў буру.
Папа Рымскі Францыск выступіў на пустой плошчы Святога Пятра са зваротам да «Горада і свету», падчас якога памаліўся пра завяршэнне пандэміі каронавіруса, паведамляе РБК. Звычайна малітву Urbi et Orbi пантыфік прамаўляе на Каляды і каталіцкі Вялікдзень. Гэтым разам ён зачытаў яе праз пандэмію каронавіруса.
83-гадовы пантыфік выступіў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Доступ публікі да яе закрыты з 10 сакавіка.
Папа Рымскі прачытаў урывак з Евангелля паводле святога Марка пра Ісуса Хрыста і яго вучняў, якія трапілі ў буру. З бурай ён параўнаў пандэмію каронавіруса.
«Усіх нас заспела знянацку нечаканая і лютая бура, і ўсе мы раптам заўважылі, што знаходзімся ў адной лодцы, аднолькава ўражлівыя і разгубленыя. ...> Вельмі лёгка пазнаць сябе ў гэтым аповедзе», - сказаў ён, звяртаючыся да вернікаў. У сувязі з гэтым ён прывёў словы Езуса: «Што ж вы такія палахлівыя? Няўжо ў вас няма веры?»
Нагадаем, з пачатку эпідэміі ў свеце ад COVID-19 памерла 27 365 чалавек, ачунялі 131 712 чалавек. Самая вялікая колькасць смерцяў ад COVID-19 у Італіі - 9134.