BE RU EN

У доме і ў суседзяў Сяргея Сацука прайшлі ператрусы

  • 27.03.2020, 21:32

Канфіскаваныя дакументы і тэхніка.

У другой палове дня 27 сакавіка Дэпартамент фінансавых расследаванняў правёў ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука, а таксама ў суседзяў журналіста. Пра гэта Беларускай асацыяцыі журналістаў паведаміла дачка Сяргея Ганна Сацук.

- Удзень я ездзіла перадаваць бацьку перадачу ў СІЗА. Як толькі вярнулася, прыехалі супрацоўнікі ДФР і правялі ператрус у нас у доме. Ператрус праходзіў блізу гадзіны, канфіскавалі розныя дакументы і тэхніку, - распавяла дачка журналіста.

Са слоў Ганны Сацук, падчас ператрусу супрацоўнікі ДФР канфіскавалі яе працоўны ноўтбук і планшэт.

- Я вельмі прасіла іх не канфіскоўваць маю тэхніку, бо застаюся фактычна без магчымасці працаваць. Праз каронавірус, кампанія ў якой я працую, перавяла нас на працу з дому. Напярэдадні вечарам я на ўсялякі выпадак аднесла свой працоўны ноўтбук і планшэт нашым суседзям, але ў іх таксама прайшоў ператрус, і тэхніку канфіскавалі, - кажа Ганна.

Дачка Сяргея Сацука распавяла, што жыве разам з бацькамі і сваім маленькім сынам, цяпер жа фактычна страціла магчымасць працаваць.

За дзень да гэтага канфіскацыя дакументаў прайшла ў офісе «Ежедневника», а сам Сяргей Сацук быў узяты пад варту.

Сяргей Сацук быў затрыманы 25 сакавіка, калі прыехаў з жонкай у будаўнічую краму.

Апошнія навіны