BE RU EN

У Іране ўжо 300 ахвяраў «лячэння» каранавірусу алкаголем

  • 27.03.2020, 15:36

Раней такі фэйкавы спосаб «лячэння» прапагандаваў Лукашэнка.

У Іране, дзе ўжыванне алкаголю строга забароненае законамі шарыяту, амаль 300 чалавек загінулі і больш за тысячу атруціліся пасля таго, як прынялі метанол для «лячэння» і «прафілактыкі» каранавірусу, піша Associated Press.

У краіне ў сацсетках распаўсюджваюцца фэйкі аб эфектыўнасці лячэння віруса алкаголем, заснаваныя, напрыклад, на паведамленні брытанскага таблоіда Daily Mail. У ім ішла гаворка, што нейкі школьны настаўнік і іншыя «вылечыліся з дапамогай віскі і мёду».

Прыём унутр 10 мл прыводзіць да цяжкага атручвання, 80-150 мл - да смерці. Таксічны эфект развіваецца некалькі гадзін.

Самая лёгкая форма атручвання - галаўны боль, слабасць, недамаганне, дрыжыкі, млоснасць і ваніты. У арганізме метанол акісляецца да фармальдэгіду. Па паху і смаку неадрозны ад этылавага спірту. Пры атручванні метанолам антыдот - этанол.

Адзначаецца, што на фоне попыту на алкаголь мясцовыя «самагоншчыкі» прадаюць вельмі таксічны метанол.

На 27 сакавіка ў Іране дыягнаставаныя амаль 30 000 выпадкаў захворвання, больш за 2200 смерцяў і 10 400 выздараўленняў. Гэта самы заражаны рэгіён на Блізкім Усходзе. На Захадзе сумняваюцца ў пэўнасці звестак з Ірана і мяркуюць, што ўлады краіны могуць утойваць маштабы эпідэміі.

Раней паведамлялася, што ў Іране цягам некалькіх тыдняў памерлі больш за 200 чалавек, якія ўжывалі алкаголь «для прафілактыкі» каранавірусу.

Нагадаем, раней Лукашэнка прапаноўваў лячыцца ад каранавірусу гарэлкай.

Апошнія навіны