BE RU EN

«Спачатку прыйшлі медыкі ў процічумных гарнітурах, а потым пачалося дзіўнае»

  • 26.03.2020, 9:04

Падрабязнасці пра два новыя выпадкі каранавіруса ў Гомелі.

У рэдакцыю «Сільных Новостей» звярнуліся жыхары аднаго з дамоў у мікрараёне «Хутар». Учора ўвечары, 24 сакавіка, з іх дому «хуткая» забрала 26-гадовую дзяўчыну з падазрэннем на каранавірус. Пасля 22.00 пад'езд цалкам прадэзінфікавалі медыкі ў поўнай экіпіроўцы, «процічумных касцюмах».

А потым пачалося дзіўнае: прыйшла міліцыя. «Яны абышлі ўсе кватэры, запісалі ўсе звесткі жыхароў, забаранілі што-небудзь расказваць наогул камусьці, і параілі не выходзіць з дому, бо мы нібыта на карантыне, на самаізаляцыі», - распавяла адна з жыхарак дома.

Паводле ейных слоў, пад падазрэнне на каранавірус трапіла 26-гадовая суседка. Яна ў пачатку сакавіка ляцела ў Парыж. Пасля вяртання ў мінулую сераду, 18 сакавіка, у дзяўчыны ў аэрапорце бралі мазок. Дзяўчыну забралі 24 сакавіка. 25 сакавіка раніцай «хуткая» забрала ейную маці, з якой дзяўчына жыве разам. «Маці пасадзілі ў простую «хуткую», толькі маску ёй прапанавалі надзець», - дадала суседка.

«Сильным Новостям» удалося высветліць, што падазрэнне на каранавірус пацвердзілася.

«Варта адзначыць, што і медыкі, і міліцыя спрацавалі аператыўна і акуратна. Пад'езд ўвесь дэзінфікавалі, і вокны, і дзверы, і ліфты, і пляцоўку. Міліцыянты сказалі, каб мы не хваляваліся - усё пад кантролем, мы ўсе «на спісе», на «алоўку» - так сказалі. Калі што - каб тэлефанавалі ў «хуткую», там пра нас папярэджаны, і ў выпадку чаго - адразу завязуць у інфекцыйную лякарню», - распавяла адна з жыхарак 10-павярховага дома. Яе словы пацвердзіла суседка з першага паверха, якая прыадчыніла дзверы і сказала, што міліцыя перапісала іх звесткі і сказала нічога нікому распавядаць.

Як стала вядома «Сильным Новостям» ад чытачоў, дэзінфекцыю пад'езда медыкі праводзілі ўчора і ў адным з дамоў у мікрараёне «Волатава». Адтуль забралі маладую дзяўчыну, якая вярнулася з Лондана, з падазрэннем на каранавірус.

З атрыманай рэдакцыяй інфармацыі, у гэтым выпадку тэст таксама даў станоўчы вынік.

Каля пад'езду карэспандэнтам удалося пагаварыць з мясцовай жыхаркай. Яна зняпраўдзіла інфармацыю, што ў гэтым доме праходзіла дэзінфекцыя. Але праз дзесяць хвілін да пад'езда пад'ехала «хуткая», прычым яе супрацоўнікі былі ў «супрацьчумных» касцюмах, уключаючы халаты, бахілы, маскі і акуляры. Жанчыну і яшчэ аднаго мужчыну з гэтага пад'езду на нашых вачах павезлі. Магчыма, у інфекцыйную лякарню.

У галоўнай управе аховы здароўя і Цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя не ўдалося атрымаць каментар з сітуацыяй пра каранавірус у Гомельскай вобласці. Там прапануюць звяртацца на «сайт Міністэрства аховы здароўя». На ўчорашняй прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя нічога не казаў пра новыя выпадках каранавіруса ў Гомелі.

Нагадаем, афіцыйна ў вобласці - 2 зарэгістраваныя выпадкі каранавіруса. У 20-гадовага спартоўца, які прыехаў з Партугаліі, і жыхаркі Жыткавічаў 1961 года нараджэння. Прычым, зыходзячы з паведамленняў дзяржаўнай прэсы, «жыткавіцкі выпадак» медыкі ўжо паставілі пад сумнеў, хоць праз яго былі ізаляваныя 42 чалавекі.

Апошнія навіны