BE RU EN

«Маўчанне прывядзе да катастрофы»

  • МІХАІЛ КАЛТОВІЧ
  • 15.03.2020, 16:30

Да якой ступені трэба ненавідзець свой народ, каб моўчкі глядзець на тое, як насоўваецца катастрофа?

За ўвесь час свайго кіравання Лукашэнка не зрабіў для Беларусі нічога. Кожны крок дыктатара выліваўся ў катастрофы розных маштабаў - ад экалагічных да фінансавых, а ўсё пазітыўнае, што здарылася за апошнія 26 гадоў, адбылося не дзякуючы яму, а насуперак.

Нават цяпер, калі краіна стаіць на парозе рэальнай пагрозы, шалёны кіраўнік зноў гуляе ў вялікага спецыяліста ва ўсіх абласцях і адкрыта шкодзіць.

Эпідэмія каранавірусу для Беларусі абернецца сапраўднай катастрофай з чалавечымі ахвярамі. Калі цяпер не ўжыць тэрміновыя захады ў супрацьдзеянні эпідэміі - усяму можа надысці канец.

Кітай, Італія, Гішпанія, Францыя, ЗША - краіны з высокім узроўнем сацыяльнай адказнасці і з перадавой медыцынай, якая нармальна фінансуецца. Але нават яны не спраўляюцца з каранавірусам. Урады гэтых краін разумеюць магчымыя наступствы і робяць усё, каб іх мінімізаваць.

А што ў нас? Што адбываецца ў краіне, дзе медыкі не заўсёды атрымліваюць аднаразовыя пальчаткі, жывуць за жабрацкія заробкі і часта маюць узровень ведаў і досведу ніжэйшы, чым бабкі-павітухі? Тысячы беларусаў патрабуюць увядзення каранціну ў навучальных установах і на буйных прадпрыемствах, а ўлады робяць выгляд, што ўсё добра. Лекараў пры гэтым запалохваюць і шантажуюць.

Паўтаруся: маўчанне прывядзе да катастрофы. Калі ўлады неадкладна не ўжывуць захады, мы апынёмся ў глыбокай яме, з якой вылазіць фактычна будзе вельмі складана.

І, як заўсёды, перашкодай развязання праблемы з'яўляецца ўсяго адзін чалавек.

Міхаіл Калтовіч, прэс-служба грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Апошнія навіны