BE RU EN

Стала вядома, што змяшчае праект указа аб дарожным зборы

  • 1.03.2020, 22:56

Многія беларускія кіроўцы байкатуюць праходжанне тэхагляду.

Дарожны збор у Беларусі прапануецца адвязаць ад праходжання тэхагляду, падрыхтаваны праект указа. Пра гэта заявіў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, піша tut.by.

Паводле ягоных словаў, праз прывязку аплаты дарожнага збору многія беларускія кіроўцы адмовіліся ад праходжання тэхагляду. Гэтаму «спрыялі» нязручнасць працэдуры і круглая сума аплаты.

– Падрыхтаваным Мінфінам праектам указа гэтыя пытанні развязаныя: магчымасць плаціць, скажам, гадавыя сумы, за месяц, за тры месяцы. Гэта значыць, будуць больш камфортныя ўмовы для кіроўцаў, – сказаў Аўраменка.

Паводле словаў міністра, адвязка тэхагляду ад збору дазволіць павысіць бяспеку дарожнага руху. Пры гэтым ён заявіў, што «дарожны збор ні да чаго не будзе прывязаны, а плаціць яго можна будзе праз АРІП».

– Новы механізм дазволіць плаціць адпаведна таму, ездзіць чалавек у гэтым месяцы ці не: калі выкарыстоўвае аўтамабіль, то плаціць, калі не ездзіць, то не плаціць, – растлумачыў кіраўнік Мінтранса.

Кантроль будзе весціся з выкарыстаннем сістэмы відэафіксацыі праз параўнанне базаў звестак.

– Калі чалавек перамяшчаўся ў той перыяд і ў яго не аплачана, гэта будзе зафіксавана, база будзе параўноўваць звесткі і адпраўляць праз пошту ў аўтаматычным рэжыме, як гэта адбываецца ў фотафіксацыі, – сказаў на заканчэнне міністр.

Пытанне, як спаганяць гэты збор, абмяркоўвалася даўно. Ёсць апаненты, якія мяркуюць, што прапанаваны Мінфінам механізм досыць складаны. І самым простым уважаюць уключэнне ўсёй фінансавай нагрузкі ў дарожным будаўніцтве ў кошт аўтамабільнага паліва праз павелічэнне акцызаў альбо ўвядзенне неяк дадатковага падатку на аўтамабільнае паліва.

Апошнія навіны