На Брытанію абрынуўся магутны ўраган «Сіяра»
- 9.02.2020, 17:17
Хуткасць ветру перавышае 144 кіламетры на гадзіну.
Практычна на ўсёй тэрыторыі Вялікай Брытаніі абвешчаны павышаны жоўты ўзровень небяспекі ў сувязі з магутным штармавым ветрам і ліўнямі, якія ў нядзелю прынёс ураган «Сіяра», паведамляе ВВС.
Хуткасць ветру, паводле інфармацыі сіноптыкаў, перавышае 90 м/г (144 км/г). Ёсць небяспека сур'ёзных паводак у многіх частках краіны.
Многія авіякампаніі ўключна з British Airways скасавалі свае міжнародныя і ўнутраныя рэйсы або значна скарацілі іх колькасць.
Часова прыпыненае паромнае злучэнне на розных кірунках.
Кампанія Network Rail, якая адказвае за чыгуначныя злучэнні ў Брытаніі, выпусціла папярэджанне аб захаванні максімальнай хуткасці 50 м/гадзіну (80 км/ г), многія рэйсы цягнікоў скасаваныя або ходзяць са спазненнем праз паваленыя на чыгуначнае палатно дрэвы. Кампанія-аператар хуткасных дарог у Англіі Highways England змясціла ў «Твітэры» фота грузавіка, які падае ад ветру, і кіроўца якога адкараскаўся лёгкім спалохам.
У нядзелю ў Лондане закрытыя для шпацыру ўсе каралеўскія паркі разам з Гайд-паркам і Рыджэнтс-паркам праз пагрозу падзення старых дрэў. Каралева Элізабэт Другая, якая знаходзіцца ў сваёй рэзідэнцыі ў Сандрынгеме ў графстве Норфалк, праз надвор'е адмовілася ад нядзельнага наведвання царквы.
Праз ураган «Сіяра» скасаваны нядзельны матч Прэм'ер-лігі паміж камандамі «Манчэстар-сіці» і «Уэст-Хэм». Аднак каманды «Шэфілд-Юнайтэд» і «Борнмут» усё ж наважыліся выйсці на поле, нягледзячы на надвор'е.
Мацней за ўсё ўраган «Сіяра» абрынуўся на Уэльс, дзе ў асобных частках парывы ветру дасягалі 150 км/г. Метэаралагічная служба паведамляе, што ў панядзелак на поўначы Англіі магчымыя моцныя снегапады, што можа прывесці да абледзянення дарог. Там жоўты ўзровень небяспекі захаваецца да вечара панядзелка.
Ураган «Сіяра» адчуваецца і ў мацерыковай Еўропе: у Францыі, Бельгіі, Ірландыі і Нідэрландах таксама чакаецца шквальны вецер і праліўныя дажджы.
Скасаваныя некаторыя авіярэйсы ў Бельгіі і Нямеччыне.