У Ісландыі Boeing з 166 пасажырамі на борце прызямліўся на рухавік
- 9.02.2020, 16:05
Лятак здзяйсняў пасадку ва ўмовах шторму.
7 лютага ў аэрапорце сталіцы Ісландыі Кефлавіку самалёт Boeing 757-200 з 166 пасажырамі на борце здзейсніў жорсткую пасадку, паведаміў 8 лютага Simple Flying (пераклад - gordonua.com).
Самалёт авіякампаніі Icelandair, які прыбыў з Берліна, здзяйсняў пасадку ва ўмовах шторму, вецер дзьмуў з хуткасцю 56 вузлоў (блізу 103 км/г).
Падчас пасадкі ў самалёта паўсталі праблемы з правым шасі. Са слоў пасажыраў, ён падскочыў падчас пасадкі. Шасі пасля паўторнага кантакту з паверхняй узлётна-пасадачнай паласы зламалася. Лайнер нахіліўся на корпус аднаго з рухавікоў. Падчас спынення рухавік летака пачаў гарэць.
У выніку ніхто не пацярпеў.
Boeing 757-200 першапачаткова ўваходзіў у склад флоту Iberia. У склад Icelandair паступіў у 2007 годзе. З тых часоў эксплуатаваўся кампаніяй, акрамя кароткага часу, калі яго арандавалі міжнародныя авіялініі Ганы.