«Лукойл» скасаваў ліміт на продаж паліва на запраўках
- 5.02.2020, 17:38
На некаторых АЗС расейскай сеткі прадавалі 100 літраў дызпаліва ў адны рукі.
Ліміт - 100 літраў у адны рукі - дзейнічаў менш за дзень на некаторых рэгіянальных запраўках. Абмежавальныя захады былі выкліканыя збоямі ў пастаўках нафтапрадуктаў з боку нафтаперапрацоўчых заводаў, заявілі ў кампаніі.
«Учора ў канцы дня ў нас Берасце гамавала. Сёння з раніцы знялі. На працягу дня ўсе [збоі ў пастаўках] павінна выправіць», - сказаў naviny.by прадстаўнік «Лукойл Беларусь» Уладзімір Кабанаў.
У самай буйной сетцы заправак «Беларуснафта» не ўводзілі і не плануюць ўводзіць абмежаванні на продаж паліва на АЗС, паведаміла журналістам крыніца, блізкая да дзяржпрадпрыемства. Паводле ягоных слоў, кампанія забяспечаная запасамі паліва больш чым на дваццаць дзён, складанасцяў з пастаўкамі з боку НПЗ няма.
У кампаніі «РН-Захад» (сетка «Раснафта») сказалі, што рэалізуюць усе тыпы паліва на АЗС без абмежаванняў паводле аб'ёму. У ЗТАА «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» (сетка «Газпрамнафта») і ЗТАА «Татбелнафтапрадукт» (сетка «Татнафта») адмовіліся каментаваць сітуацыю.
У канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што на дзяржаўным узроўні пастанова аб абмежаванні продажу паліва на запраўках не прымалася. Заводы ў Мазыры і Наваполацку забяспечваюць унутраны рынак нафтапрадуктамі ў поўным аб'ёме.
«Пастаўкі ідуць усім. Нават на экспарт», - адзначыў прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.