BE RU EN

Міністэрства аховы здароўя распавяло пра стан тых, хто кантактаваў са студэнтам БНТУ

  • 29.02.2020, 17:11

У шпіталь трапілі 26 аднагрупнікаў хлопца і 7 выкладчыкаў.

Студэнт БНТУ з Ірана, у якога выявілі каранавірус, а таксама тыя, хто кантактаваў з ім і цяпер знаходзіцца ў інфекцыйнай лякарні, адчуваюць сябе добра, распавяла прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, піша tut.by.

Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя адзначыла, што кантакты першага ўзроўню на сённяшні дзень не пацвярджаюць вірус, праводзяцца яшчэ даследаванні.

- Цяпер ідзе актыўнае тэставанне аналізаў усіх прадстаўнікоў БНТУ - студэнтаў і выкладчыкаў. Пакуль што ўсе вынікі адмоўныя. Пацыент з Ірана і тыя, хто быў шпіталізаваны з ім у інфекцыйную лякарню, адчуваюць сябе добра, - распавяла Юлія Барадун.

Нагадаем, 28 лютага, Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што ў Беларусі пацверджаны першы выпадак захворвання каранавірусам. 27 лютага тэсты, праведзеныя ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, паказалі наяўнасць каранавіруса 2019-nCoV у аднаго са студэнтаў з Ірана. Ён навучаецца ў БНТУ і пражывае на здымнай кватэры ў адным з раёнаў горада. Разам са студэнтам былі шпіталізаваны ягоная дзяўчына, яе бацькі і сястра. Акрамя таго, у лякарню трапілі 26 аднагрупнікаў хлопца і 7 выкладчыкаў.

Апошнія навіны