BE RU EN

Менчукоў «затрымалі», збілі і абрабавалі лжэміліцыянты

  • 27.02.2020, 16:07

Фігуранты справы неаднаразова судзімыя.

Мінулым летам уначы ў лесе пад Менскам чацвёра мужчын спачатку пілі. Потым наважыліся абрабаваць выпадковых сустрэчных. Для гэтага прадставіліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў і інсцэніравалі затрыманне за нібыта ўчыненае злачынства. Звязалі, збілі, забралі ўсё, што знайшлі, і на гэтым, мабыць, не планавалі спыняцца. СК праінфармаваў аб некаторых дэталях гэтага злачынства, піша onliner.by.

Справа была 16 жніўня. Фігуранты - неаднаразова судзімыя менчукі ва ўзросце 27, 34, 38 і 42 гадоў. Пацярпелыя - двое мужчын і жанчына, раней бакі адзін аднаго не ведалі. Крымінальнікі «правялі затрыманне»: павалілі ахвяраў, звязалі рукі, пачалі збіваць. Характэрна, што пасля ў тэлефонах падазраваных знайшліся здымкі, зробленыя падчас «аперацыі».

Паводле інфармацыі следства, некалькі гадзін утрымлівалі людзей, запалохвалі іх і здушвалі волю. Забралі грошы, тэлефоны, дакументы і іншае на суму 1127 рублёў.

СК паведамляе, што пад раніцу аднаго з мужчын чамусьці адпусцілі. Ён адразу звярнуўся па дапамогу. Жанчыну і другога мужчыну злачынцы яшчэ некаторы час прадаўжалі ўтрымліваць у лесе, а потым з імі на таксоўцы паехалі ў Менск. Цяперашняе затрыманне сапраўднай міліцыяй адбылося ў кватэры пацярпелага.

Дзеянні арыштаваных кваліфікаваныя як самавольнае прысваенне ўлады службовай асобы, спалучанае з небяспечнымі дзеяннямі (арт.382 КК), рабаванне (ч.2 арт.206), незаконнае пазбаўленне волі (ч.2 арт.183). Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны