BE RU EN

Хлопцы, калегі, землякі, беларусы, гэта ганьба!

  • Андрэй Курэйчык
  • 27.02.2020, 12:17

Адзіная краіна, якая не згадвалася на юбілейным Еўрапейскім кінафоруме - Беларусь.

Ну што сказаць аб маіх уражанняў пра 70-ы юбілейны Бэрлінале. Хлопцы, калегі, землякі, беларусы, гэта ганьба!

Спадары чыноўнікі Міністэрства культуры і вышэйшыя, я нават не пабаюся назваць пайменна: міністр культуры Юрый Бондар, першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская, кіраўнік дэпартамента кінематаграфіі Аляксей Бязвуглы, і нават Аляксандр Лукашэнка (які, як выхваляліся ў інтэрв'ю службоўцы, выдаў сотні мільёнаў даляраў на беларускае кіно), гэта што, халера, за ліха?!!!!

Найбольшы кінарынак і фэст Еўропы, «маці ўсіх кінарынкаў» - European Film Market! Тут усё. Літаральна ўсё. І што? Краіна з узроўнем дзяржаўнай падтрымкі кіно 10 мільёнаў даляраў на год (як казаў Аляксандр Рыдван - папярэдні наш кінакіраўнік з Мінкульту), не прадстаўленая на кінарынку і фэсце ніяк! Ну аніяк.

Прадстаўленыя ўсе: Расея, Украіна, Арменія, Грузія, Таджыкістан, усе нашы суседзі... Руанда, каб вас качкі патапталі, Руанда, мае свой стэнд! Руанда - самая бедная краіна на гэтай планеце! Дзе быў генацыд і поўны гамон, мае стэнд на бэрлінскім кінарынку.

Судан, шкуматаны вайной, самае небяспечнае месца на планеце, як пісалі энцыклапедыі, і той вось - на кінарынку! Судан! Ды што Судан - Паўночная Карэя!

Вось, калі ласка, можам паехаць на Пхеньянскі Фэст і здабыць 20 мільёнаў паўночнакарэйскіх грошыкаў, прычым гатоўкай! Усе - толькі не Беларусь. Ні стэнда, ні імпрэзы, якія правялі ўсе краіны для прэзэнтацый свайго кіно, ні рэкламы, ні друкаваных матэрыялаў, ні афіцыйнага прадстаўніцтва, ні скрынінгаў, анічога!

Асобныя прыватныя асобы: Сукманаў, я, Костусь Варабей, Лёнік Каліценя, некалькі журналістаў... Вы сур'ёзна? Расея адкрыла павільён і чатыры стэнды, правяла дзясятак акцый. На ўкраінскую вечарыну прыехалі сотні ўкраінскіх прадусараў, рэжысёраў, актораў, ад Сянцова да Перэльмана...

Усюды раскладзеная рэклама палітыкі рыбэйтаў ва Украіне 25+5 - толькі здымай! Сотні друкаваных матэрыялаў аб украінскіх, расейскіх, грузінскіх ды іншых фільмах, кінакампаніях, прадукцыі ўсюды. Нават афрыканцы зрабілі некалькі файных імпрэз.

Адзіная краіна, якая не згадвалася на юбілейным Еўрапейскім кінафоруме - Беларусь (200 мільёнаў даляраў укладзеных у кінавытворчасць апошніх дзесяцігоддзяў, 10 мільёнаў за год паводле версіі Мінкульта). І гэта пры тым, што некалькі мільёнаў даляраў падаткаплатнікаў кагадзе угацілі ў «Купалу» і «Вырвіча». Стужкі гатовыя. Іх беларусам не паказваюць.

А значыць, тут на EFM проста меліся вісець велізарныя постэры гэтых стужак з раскладам скрынінгаў для баераў, раскладзеныя флаеры, працаваць медыяэкраны, а ўсё кіраўніцтва «Беларусьфільма» ад Карачэўскага да Поршнева ды Ігрушы мелася бегаць па стэндах сусветных сэйлз-агентаў, дыстрыбутараў , фестывальных агенцтваў, прадаючы стужку, складаючы расклад сусветных паказаў і прэм'ер...

Нікога! Нічога! Які «Купала» ў якой Еўропе... Навошта здымаць праект, які відавочна не пройдзе ні ў якім выглядзе на расейскім рынку, і наогул не прадстаўляць яго ў Еўропе?! Вернем 2 мільёны даляраў з беларускага паказу? Якая логіка ў гэтых паводзінах? У нашага «LIBERTE» бюджэт у 25 разоў меншы, чым у нацыянальнага праекта, і тым не менш, за гэты тыдзень пра яго ў Еўропе даведаліся ў разы больш. Але мы не мераемся... Я проста сапраўды не разумею, навошта выдаткоўваць мільёны даляраў на вытворчасць, на ўтрыманне студыі, на падтрымку кінематографа, на конкурсы, здымаць сама дарагое і, можа быць, нават добрае і патрэбнае кіно, каб потым проста ўсё бязглузда прамантачыць. І пры гэтым, маючы столькі грошай і рэсурсаў, не ствараць ніякіх варункаў, каб актыўнае беларускае кіно прасоўвалася і глядзелася за мяжой... Прабачце, не разумею.

Андрэй Курэйчык, «Фэйсбук»

Апошнія навіны