BE RU EN

У Саудаўскай Аравіі заснавалі жаночую футбольную лігу

  • 27.02.2020, 11:56

У гэтай краіне толькі два гады таму жанчынаў пачалі пускаць на стадыёны.

Прынц Мухамед ібн Салман абяцаў мадэрнізаваць саудаўскае грамадства і дазволіў жанчынам кіраваць машынай і ездзіць за мяжу без мужчыны-апекуна. Цяпер чарга за футболам. Жаночая футбольная ліга згуляе свае матчы ў сталіцы краіны Эр-Рыядзе і двух іншых гарадах, паведамляе bbc.com.

Стварэнне лігі з'яўляецца апошняй з рэформаў кронпрынца Мухамеда бен Салмана ў Саудаўскай Аравіі, якая доўгі час уважалася адным з самых строгіх грамадстваў у свеце. Але не варта забывацца, са словаў актывістаў, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць для абароны правоў жанчынаў.

Чыноўнікі кажуць, што мэта апошняга кроку – павысіць удзел жанчынаў у спорце.

«Запуск [лігі] спрыяе ўдзелу жанчынаў у спорце на ўзроўні супольнасці і будзе спрыяць больш шырокаму прызнанню спартовых дасягненняў жанчынаў», – заяўляе ўрадавая Федэрацыя спорту для Усіх Саудаўскай Аравіі.

Саудаўскія жанчыны ўпершыню былі дапушчаныя да футбольнага стадыёна ў студзені 2018 года – у тым самым годзе, калі ў каралеўстве Персідскага заліва спынілася шматгадовая забарона на жанчынаў-кіроўцаў.

Летась каралеўскі ўказ дазволіў саудаўскім жанчынам выязджаць за мяжу без дазволу мужчыны-апекуна. Таксама была скасаваная сегрэгацыя рэстаранаў.

Тым не менш некалькі вядомых абаронцаў правоў жанчынаў былі арыштаваныя, нават калі ўрад правёў рэформы.

Апошнія навіны