BE RU EN

Богдан аддаў свой заробак у Офісе прэзідэнта Украіны на дабрачыннасць

  • 26.02.2020, 21:02

Былы кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны апублікаваў сваю даведку аб заробку.

Былы кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Богдан заявіў, што «не ўзяў ні капейкі» са свайго заробку ў ведамстве, а ўсе налічаныя грошы аддаў на дабрачыннасць.

Пра гэта ён напісаў у Facebook.

Згодна з дакументам, які апублікаваў экс-кіраўнік Офіса Зяленскага, ён пералічыў 113 455 грыўняў дабрачыннаму фонду «Таблеточки» і столькі ж дабрачыннаму фонду «Благомай».

«За час працы ні аднаго хабару не браў і выгады не шукаў. Шчыра працаваў за кошт грошай заробленых на адвакацкай ніве. Заробку свайго не ўзяў ні капейкі, а ўсе налічаныя грошы пералічыў на дабрачыннасць», - сказаў ён.

Са слоў Богдана, яны «прыйшлі ў палітыку ў цяжкія часы».

«Спачатку ў нашу перамогу не верылі. Затым з намі змагаліся, а далей мы перамаглі», - сказаў ён.

«Перамаглі, каб якасна змяніць краіну. Мы перазапусцілі парламент, хоць крытыкі казалі, што гэта немагчыма. Мы прывялі ў палітыку новых людзей. Прынялі стратэгічныя законапраекты, якія дзесяцігоддзямі наўмысна тармазіліся нашымі «папярэднікамі». Перазапусцілі ЦВК і далі старт рэформе органаў пракуратуры. Мы правялі перазапуск практычна ўсёй палітычнай сістэмы», - сказаў ён.

Богдан уважае, што ўсё было зроблена «дзякуючы даверу ўкраінскага народа, рашучасці прэзідэнта Зяленскага і бескампраміснасці яго каманды».

11 лютага Андрэй Богдан быў звольнены з пасады кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. На гэтую пасаду прызначаны дарадца Уладзіміра Зяленскага Андрэй Ярмак.

Апошнія навіны