BE RU EN

Літва ўвяла экстраны рэжым праз каранавірус

  • 26.02.2020, 18:19

Таксама будзе створаны дзяржаўны аператыўны цэнтр.

Урад таксама пастанавіў стварыць Дзяржаўны аператыўны цэнтр экстрэмальных сітуацый, які цяпер будзе каардынаваць усе дзеянні. Гэты цэнтр узначаліў міністр аховы здароўя Аўрэліюс Вярыга.

Віцэ-міністр аховы здароўя Альгірдас Шэшальгіс сказаў, што пастанова неабходная ў сувязі з ростам колькасці заражаных на вірус COVID-19 і распаўсюджваннем яго ў Еўропе, піша ru.delfi.lt.

З ягоных слоў, абвяшчэнне рэжыму экстрэмальнай сітуацыі дазволіць спрасціць выкарыстанне дзяржаўнага рэзерву для кантролю над сітуацыяй, набыццё розных сродкаў без конкурсных закупак, а таксама дасць магчымасць прымаць абавязковыя да выканання загады наконт міграцыі з пэўных дзяржаў або рэгіёнаў у Літву і з яе.

«Будуць перагледжаны ўсе рэкамендацыі і частка іх стане абавязковай да выканання распараджэннямі - тады можна будзе прымаць пастановы, выкананне якіх будзе абавязковым», - патлумачыў Шэшальгіс.

Урад таксама спрасціў абвяшчэнне рэжыму экстрэмальных сітуацыя ў дзяржаўным маштабе. МУС, якое ўнесла папраўкі да Закона аб грамадзянскай бяспецы, паказвае, што гэта рэакцыя на прававыя прабелы, якія выявіліся, калі летась адбыўся пажар на заводзе перапрацоўкі покрывак у Алітусе.

Паводле апошніх звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць тых, хто заразіўся на новы вірус COVID-19, у свеце перавысіла 80 тысяч, памерла амаль 2,7 тысячы чалавек.

Вірус ужо распаўсюдзіўся на 28 краін і выклікае ўсё больш асцярог праз новыя ачагі ў Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Азіі. У Паўночнай Італіі зарэгістраваныя больш за 300 выпадкаў заражэння, памерла дзесяць чалавек, краіна абвясціла пра абмежаванні перамяшчэння ў 11 гарадах.

Апошнія навіны