Моцны выступ Паўла Севярынца ў Гомелі
- 26.02.2020, 11:18
(Абноўлена) Беларусы абуджаюцца.
На сустрэчы з жыхарамі Гомеля 25 лютага сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Павел Севярынец, які прэтэндуе на ролю адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад апазіцыі, заклікаў «аб'яднаць сілы, каб у 2020 годзе змяніць Беларусь», паведамляюць naviny.by.
Павел Севярынец мяркуе, што трэба вярнуць Канстытуцыю 1994 года і прывесці да ўлады часовы ўрад. Будучыню краіны палітык бачыць у развіцці малога і сярэдняга бізнэсу, інфармацыйных тэхналогій, падвышэнні ролі мясцовага самакіравання.
«Паводле Канстытуцыі крыніцай улады з'яўляецца народ. Гэта мы з вамі, а не проста нейкая сям'я, якая залезла высока і забрала драбіны, каб ніхто іншы не залез», - заявіў палітык.
«Ніхто з нас не хоча, каб наша жыццё праходзіла за адным урадам... І нам трэба вызначацца, як мы можам гэта спыніць», - сказаў Севярынец.
Першае, што трэба зразумець - мы мусім аб'яднацца. Цяпер асноўныя дэмакратычныя партыі аб'ядналіся, каб правесці кампанію і выбраць адзінага прадстаўніка дэмакратычных сіл. Свабодных выбараў няма. Але, калі мы цяпер выйдзем, гэты рэжым зразумее, што яму трэба сыходзіць», - сказаў палітык.
Гаворачы аб палітычных і сацыяльных праблемах Беларусі, Павел Севярынец сказаў, што ў дзяржаве «усё як быццам замёрла», тады як свет змяніўся.
«Да чаго давялі краіну! У кагосьці 18 рэзідэнцый, а людзям - новыя штрафы, падаткі. Райвыканкамы толькі сядзяць і думаюць, як новыя падаткі прыдумаць і прыдушыць няшчасны народ», - заявіў Севярынец.
Са слоў палітыка, у яго каманды ёсць адказы на пытанне «Што рабіць?». «Я прапаную: пасля таго, як будуць абвешчаныя прэзідэнцкія выбары, калі застанецца Ярмошына (старшыня ЦВК. - рэд.) і фальсіфікатары, калі Лукашэнка скажа, што ён гатовы ісці на выбары, мы пачынаем мірныя пратэсты. Не пасля таго, як адбудуцца выбары. Ламаць сцэнар фальсіфікацый трэба адразу, як толькі скажуць, што ў нас будуць выбары. Мы можам выходзіць на мірны пратэст рэгулярна», - падкрэсліў Севярынец.
«Паглядзіце, цяпер спыняюцца прадпрыемствы, бензін даражэе, даляр расце імклівымі тэмпамі. Сацыяльныя пратэсты пры такіх тэмпах непазбежны. У нас ёсць вялікі калідор магчымасцяў. Ім цяпер будзе цяжка разганяць і палітычна, і фінансава. Мы можам і павінны выходзіць адразу пасля таго, як будзе абвешчаная «выбарчая» кампанія», - сказаў Севярынец.
Павел Севярынец правёў анкетаванне. Ён прапанаваў удзельнікам сустрэчы, на якой прысутнічала блізу 80 чалавек, напісаць пра праблемы ў рэгіёне і пра тое, што кожны можа зрабіць для змены сітуацыі. «Гэтыя прапановы будуць пакладзеныя ў аснову Народнай праграмы - дапаўнення да праграмы адзінага кандыдата, якога мы абяром», - растлумачыў палітык.
«Беларусы ўмеюць працаваць. Ім проста трэба даць гэта рабіць, а не душыць. Малы і сярэдні бізнэс - аснова нармальнай эканомікі», - сказаў палітык.
Адная з прапаноў Севярынца - увесці «закон Лінкальна» супраць карупцыі, калі грамадзянін, які дапаможа выкрыць карупцыянера, атрымае 25% ад сумы скрадзенага ім - удзельнікі сустрэчы сустрэлі воплескамі.
«Незалежныя суды будуць разглядаць такія справы стосамі. Беларускі бюджэт атрымае мільярды даляраў, бо ніхто не захоча сядзець у турме. Усе тыя камяніцы, незаконна пабудаваныя, будуць вернутыя грамадзянам, у бюджэт», - заявіў Севярынец.
У каментары журналістам палітык сказаў, што застаўся задаволены сустрэчай: «Лёд крануўся, як сказалі сёння на сустрэчы. Многія гомельцы гатовыя далучыцца да працы каманды адзінага кандыдата, народ падымаецца».