BE RU EN

Чым Украіна адрозніваецца ад Расеі

  • Барыслаў Бяроза
  • 24.02.2020, 15:23

Ва ўкраінцаў ёсць падстава для гонару.

Спадчыннікі саўковай імперыі часцяком мяне пытаюцца, чым мы ганарымся, чаго ўкраінцы дамагліся, і што мы будуем пасля Майдана? І чым мы адрозніваемся ад жыхароў РФ? Паспрабую быць кароткім, хоць гэта мне і не ўласціва.

Як мінімум, мы можам ганарыцца грамадзянскай супольнасцю, на якую ў Расеі няма нават намёку. Дзяржаўная машына ў Расеі моцная, магутная, але яна створаная не на павазе правоў і свабод грамадзяніна, а на іх перамолванне. У нас дзяржаўныя інстытуцыі не працуюць, а ўлада імпатэнтна. І нягледзячы на тое, што ў нас пакуль слабая дзяржава, але ў нас ужо ёсць моцная і месцамі спелая грамадзянская супольнасць. І яна ўплывае на многія працэсы ў дзяржаве. Менш чым хацелася б, але вада камень точыць.

Проста трэба ўсвядоміць і запомніць, што, напраўду, у нас з Расеяй вайна двух варыянтаў развіцця. Дзвюх цывілізацый. Яны спадчыннікі саўковых традыцый. Тэхналагічная цывілізацыя, якая абыякавая да грамадзянскіх свабодаў і правоў. Яны будавалі і стварылі дзяржаву, якая за кошт уціскання правоў і свабод атрымала неабмежаваны чалавечы і фінансавы рэсурс для дасягнення мэт праўладнай меншасці. Свае грамадзяне для Расеі - гэта рэсурс, якім можна ахвяраваць для дасягнення выніку.

Мы абралі іншы шлях. Шлях культурнага духоўнага развіцця, пры якім дзяржава служыць чалавеку, а не наадварот. Гэта еўрапейскі варыянт. І мы пакуль толькі ў пачатку шляху. Мы над гэтым працуем. Ламаем сістэму. Але рудыменты мінулага так проста не адміраюць. Яны чапляюцца за сваё месца ў сістэме, часам адраджаюцца ў той ці іншай форме і супраціўляюцца ў асобе тых персаналій, якіх мы выбіраем ва ўладу. Так, мы можам памыляцца. Але памыліўшыся мы хочам выправіць памылку і прагнем перамен, замест цягі да застою і нязменнасці ўлады, да якой схільныя расейцы.

Мы пройдзем гэты шлях. І першыя крокі мы ўжо робім. Расейцы ж досыць трывала захраслі ў мінулым. Ім там камфортна. Яны не хочуць іншага. І не будуць імкнуцца да іншага. Эвалюцыйная мадэль Расеі - гэта не спіраль, а закальцаваная прамая. Круг. Вось таму ствараючы незалежную Расею яны зноў пабудавалі неоСССР. І фінал гэтай пабудовы прадказальны. Я не хачу іх абразіць. Я толькі канстатую факт.

Нам жа трэба будаваць сваю дзяржаву. Дзе паважаюць не толькі правы, свабоды і асабістае меркаванне, але і непарушныя законы. Дзяржава, якая служыць інтарэсам грамадзян, а не фінансава-прамысловым групам. Дзе абяцанні палітыка - гэта не папулізм, а планаваныя ім дзеянні. Дзяржава, якая даражыць сваімі грамадзянамі, а жыццё грамадзяніна - неацэннае. Дзе палітык не дазваляе сабе тое, што для многіх украінскіх палітыкаў сёння норма, але недапушчальна для практычна кожнага еўрапейскага палітыка. Дзяржава, якая абслугоўвае грамадзяніна. Дзяржава-сэрвіс. А грамадзянін плаціць падаткі і выконвае законы. Гэта называецца баланс. Менавіта на такіх каштоўнасцях мы павінны будаваць Украіну. І хай нас пакуль няшмат, але... Дарогу здужае той, хто ідзе, а мы ўжо зрабілі не адзін крок.

Менавіта ў гэтым наша галоўнае адрозненне і менавіта за гэта аддалі жыцці героі Нябеснай сотні. Менавіта за такую Украіну змагаюцца на перадавой патрыёты з 2014 года. Менавіта такую Украіну баяцца аскепкі ўлады Віктара Януковіча і не жадаюць алігархі. Таму што ім бліжэй расейская мадэль. Калі яны могуць карыстацца людзьмі, а не служаць дзяржаве і грамадству ўзвышаючы Украіну. Украінцы даказалі, што могуць справіцца з усялякім ціскам і будуць супраціўляцца любой спробе насадзіць дыктатуру. Мы вольны народ і шануем свабоду! Януковіч-уцякач у Расею таму прыклад. Пра гэта варта памятаць тым, хто цяпер знаходзіцца на чале дзяржавы. І памятаць яны павінны пра тое, што народ, які падняў іх на п'едэстал у выпадку неабходнасці іх і скіне. Гэта даказана практыкай. Судзіць будзем не як абяцаюць, а паводле спраў. Гэта наш шлях! Але справы сучаснай улады хутчэй можна назваць справункамі. На жаль.

Хацелася б мне, каб улада ўсведамляла адказнасць і перастала гуляць у папулізм, задавальняючы інфантылізм грамадства? Вядома! Хацелася б мне, каб улада змяніла сваю мадэль ад імітацыі дзеянняў да рэальных дзеянняў у інтарэсах Украіны? Безумоўна! Хачу я, каб нас перастала штарміць, і мы б безупынна пільнаваліся свайго вектара развіцця? Бясспрэчна! Але ці веру я ў тое, што ўлада на гэта здольная сёння? На вялікі жаль, не! Але і гэта мы можам выправіць. Хацелася б, каб эвалюцыйным, а не рэвалюцыйным шляхам. Але тут усё залежыць ад улады і ад яе далейшых планаў і дзеянняў.

А кароткім быць не атрымалася. Не страшна. Галоўнае, каб усё астатняе атрымалася.

Барыслаў Бяроза, «Фэйсбук»

Апошнія навіны