BE RU EN

Заробкі будуць налічваць паводле прынцыпу «хачу дам, хачу не дам»?

  • 24.02.2020, 8:09

Супрацоўнікі бюджэтнай сферы ў шоку ад новых разліковак.

Аплата працы бюджэтнікаў за мінулы месяц разлічвалася паводле новых правілаў. Чакалася, што прыбыткі педагогаў, медыкаў і іншых бюджэтнікаў як мінімум не павінны знізіцца. У гэтым іх клятвенна запэўнівалі і кіраўнікі галіновых установаў, і найвышэйшыя «службовыя асобы» краіны. Што ж атрымалася паводле факту? Журналісты «Вячэрняга Брэста» зірнулі на новыя разлікоўкі, а таксама распыталі лекараў і настаўнікаў: што змянілася?

Гімназія

Адразу некалькі супрацоўніц сферы адукацыі паведамілі, што ў студзені атрымалі менш на 150–200 рублёў. Яны выказалі здагадку, што прычына падзення менавіта ў новай сістэме. Больш падрабязна дзяліцца інфармацыяй суразмоўніцы адмовіліся. «Дырэктар збіраў нарады двойчы: калі новую сістэму анансавалі, а потым яшчэ раз, перад выплатамі. Спрабаваў усё растлумачыць, супакойваў: маўляў, не палохайцеся – недзе ўпала, недзе вырасла, але сума ў выніку застанецца прыкладна тая самая», – кажа настаўніца Ганна.

Паводле ейных словаў, у разлікоўках стала менш пунктаў – роўна ў два разы, цяпер іх 9 замест 18. Змяніліся і некаторыя фармулёўкі: «Напрыклад, дзве “прэміі базавыя”, за разліковы месяц і папярэдні, а таксама “прэмію дадатковую” аб'ядналі ў адну – яна цяпер праходзіць у графе “прэмія”, але сама выплата істотна паменшылася – са 108 рублёў да 22. Замест надбаўкі “за катэгорыю” і іншыя з'явіліся надбаўкі “за спецыфіку”, “за высокія дасягненні”». Тут сумы выплатаў засталіся прыкладна на ўзроўні снежня.

Паліклініка

Першага заробку за 2020 год медыкі чакалі не без боязі, а цяпер з некаторым недаверам чакаюць другога: «Гэты месяц (студзень. – Рэд.) яшчэ не вельмі паказальны, паколькі многім давалі прэмію за снежань, – кажа берасцеец Андрэй, які працуе лекарам у адной з установаў аховы здароўя. – Але памяншэнне істотнае. Хоць непасрэдна аклад у мяне павялічыўся, але агульныя выплаты знізіліся. За студзень я атрымаў на рукі на 190 рублёў менш, чым за снежань. І так у многіх. Медсёстры, наколькі я ведаю, яшчэ больш страцілі. Засталіся на ранейшых выплатах толькі тыя спецыялісты, якія мала атрымліваюць – у раёне 500–600 рублёў. Ім прыкладна столькі і плацяць, колькі плацілі да «рэформы».

А што абяцаў урад?

«Змены ў аплаце працы супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый не прывядуць да зніжэння ўзроўню прыбыткаў гэтай катэгорыі насельніцтва. Пра гэта кажа пункт 12 указу Лукашэнкі, які абавязковы для выканання ўсімі кіраўнікамі бюджэтных арганізацый Беларусі», – заяўляў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

У чым сутнасць «навацый»?

Новая сістэма прадугледжвае, што аплата працы будзе складацца з некалькіх элементаў: акладу, стымулёўных (надбаўкі і прэмія) і кампенсавальных (даплаты) выплатаў. Стабільная частка акладу складзе 50–60% усяго заробку, які павінен вырасці за кошт таго, што на змену тарыфнай стаўцы першага разраду прыйдзе базавая стаўка. Яна істотна вышэйшая за тарыфную, і яе памер штогод, з 1 студзеня, будзе вызначаць урад. Замест 27-разраднай адзінай тарыфнай сеткі ўводзіцца 18-разрадная. Частка стымулёўных выплатаў вызначаецца цэнтралізавана. Але пры гэтым пашыраюцца правы кіраўнікоў бюджэтных арганізацый у вызначэнні даплатаў і надбавак

Маніторынг на прадмет дзеяння новай сістэмы аплаты працы правялі і ў Камітэце дзяржкантролю. Як паведамляецца на сайце КДК паводле вынікаў маніторынгу, «бюджэтныя арганізацыі сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі пры налічэнні заробку. У асобных выпадках у супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый няма дакладнага разумення крытэрыяў ацэнкі пры параўнанні свайго заробку за снежань 2019 года і студзень 2020 года». На думку кантралёраў, гэта звязана ў тым ліку з тым, што «наймальнікі недастаткова добра патлумачылі, чаму ў студзеньскіх заробках адбыліся адхіленні ад снежаньскіх і што яны аб'ектыўна павінны быць», – адзначылі ў КДК.

Ці будзе паводле прынцыпу «хачу дам, хачу не дам»?

Відавочна, і педагогаў, і медыкаў хвалюе вось яшчэ якое пытанне. Дзясяткі гадоў памеры аплаты працы цэнтралізавана вызначала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Цяпер кіраўнікам шэрагу дзяржорганаў дэлегаванае права вызначаць тарыфныя разрады ў тых пасадах, якія названыя ва ўказе, як і памер дадатковых стымулёўных выплатаў. Да прыкладу, прэмія складае ўсяго 5 адсоткаў ад акладу замест 20, але пры гэтым ёсць шэраг іншых кампенсавальных і стымулёўных выплатаў, якія будуць вызначацца адміністрацыямі саміх установаў. Ці не стануць іх кіраўнікі злоўжываць сваім правам? Напрыклад, каб зэканоміць фонд аплаты працы.

Міністэрству працы і сацыяльнай абароны давялося прызнаць, што «асобныя факты няправільнага налічэння працаўнікам заробку ўсё ж маюць месца».

Апошнія навіны