BE RU EN

Навукоўцы патлумачылі неверагодна цёплую зіму ў Беларусі

  • 24.02.2020, 8:04

Гэтая зіма можа ўвайсці ў гісторыю.

Анамальна цёплая зіма ў Еўропе і ЗША тлумачыцца незвычайнай сытуацыяй у Арктыцы, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на амерыканскіх навукоўцаў з Weather Underground і Weather Tiger LLC.

Паводле іх звестак, анамальна высокая тэмпература тлумачыцца незвычайна ўстойлівай вобласцю нізкага ціску ў раёне Паўночнага полюса. Праз яе вятры, якія звычайна «адпраўляюць» халоднае паветра на поўдзень, апынуліся літаральна зачыненыя ў адным месцы. Фактычна яны цыркулююць на самай поўначы планеты і не трапляюць у паўднёвыя раёны.

Такая сітуацыя прывяла да таго, што ў ЗША тэмпература апынулася вышэйшай за сярэднюю на 3 градусы. Паводле звестак мясцовых метэаролагаў, калі анамальная сітуацыя будзе доўжыцца да канца лютага, то цяперашняя зіма стане самай цёплай у Злучаных Штатах за апошні 141 год.

Аналагічная сітуацыя складваецца ў Еўропе, усходняй частцы Канады, большай частцы Расеі.

Кліматычная зіма ў Беларусі ў гэтым сезоне так і не наступіла і, калі ў апошні тыдзень лютага будзе ўстойлівая плюсавая тэмпература, не наступіць і зусім. Тады гэтая зіма ўвойдзе ў гісторыю краіны як адзіная зіма, якой не было.

Пры гэтым эксперты AccuWeather і Maxar былі ўпэўненыя, што цяперашняя зіма будзе халаднейшая за папярэднюю, аднак метэаролагі не чакалі, што вобласць нізкага ціску ў Арктыцы захаваецца на такі доўгі тэрмін.

Навукоўцы пакуль не высветлілі, што стала прычынай анамаліі. Раней эксперты меркавалі, што пры нармальным развіцці сітуацыі зіма павінна быць халоднай.

Апошнія навіны