BE RU EN

«Калі беларускія НПЗ дастануцца РФ – гэта здыме ўсе пытанні пра нафту»

  • 22.02.2020, 11:59

Гэта і ёсць кошт кампенсацыі за падатковы манеўр?

Эксперты выказваюць меркаванні пра прычыны, што змусілі Маскву пайсці на новыя нафтавыя перамовы з Менскам. Паводле словаў палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, ініцыятыва расейскіх уладаў – гэта вельмі зыбкі кампраміс, які не развязвае праблемы. Акрамя таго, невядомым застаецца тое, што гатовы саступіць у адказ афіцыйны Менск.

«Салідарнасць» вывучыла свежыя публікацыі на тэму нафтавых заяваў Крамля і Лукашэнкі ў расейскіх СМІ.

Газета «Камерсант» з асцярожным аптымізмам адзначае, што «што ў перамовах бакоў відавочна азначыўся прагрэс, дзякуючы якому пастаўкі нафты ў Беларусь могуць пачацца ўжо ў сакавіку».

Пры гэтым выданне падкрэслівае, што для Менска выгада ад саступак Масквы ў выніку апынулася сімвалічнай. Газета прыводзіць меркаванне эксперта Дзмітрыя Марынчанкі з Fitch, які мяркуе, што «прэмія да экспартнага парытэту $ 2 на тону – гэта велічыня на ўзроўні статыстычнай хібнасці, усяго $ 0,3 цэнта за бараль, і ні да якой значнай для Беларусі эканоміі яна не прывядзе» .

Газета «Весткі» прыводзіць меркаванні расейскіх экспертаў пра прычыны згаворлівасці Крамля. Сярод іншага, кіраўнік аналітычнага дэпартамента AMarkets Арцём Дзееў падкрэслівае, што заява Менска адбылася пасля паездкі кіраўніка кампаніі «Раснафта» Ігара Сечына ў Беларусь:

– Цалкам верагодна, што ён выказаў зацікаўленасць расейскага боку ў набыцці беларускіх НПЗ. Калі яны будуць належаць нафтавым кампаніям РФ – гэта здыме ўсе пытанні пра пастаўкі вуглевадародаў, а Беларусь заўсёды будзе забяспечаная нафтапрадуктамі для ўнутранага рынку.

Набыццём беларускіх НПЗ, дадае эксперт, Расея развязвае і пытанне канкурэнцыі ў нафтапрадуктах на еўрапейскім рынку.

– У такім варыянце кампенсацыя Беларусі $ 300 млн – гэта невялікая плата за добрыя і выгадныя перспектывы для расейскай нафтавай галіны, – растлумачыў суразмоўца «Известий».

Апошнія навіны