BE RU EN

Столтэнберг: Новыя ракеты РФ мабільныя і іх лёгка схаваць

  • 21.02.2020, 20:33

Генеральны сакратар NATO папярэдзіў пра небяспеку новых расейскіх ракет.

На думку Енса Стjлтэнберга, новыя расейскія ракеты мабільныя, іх «лёгка схаваць», і яны «могуць дасягнуць еўрапейскіх гарадоў» за вельмі кароткі час.

Паўночнаатлантычны альянс бачыць пагрозу з боку найноўшых расейскіх узбраенняў. Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг. Вытрымкі з інтэрв'ю з ім апублікаваў у пятніцу, 21 лютага, на сваім сайце часопіс Der Spiegel (пераклад - dw.com).

«Новыя расейскія ракеты вельмі небяспечныя», - упэўнены Столтэнберг. З ягоных слоў, яны «мабільныя, іх лёгка схаваць», і яны «могуць дасягнуць еўрапейскіх гарадоў» за вельмі кароткі час пасля запуску. Генеральны сакратар упэўнены, што гэтыя характарыстыкі не толькі зніжаюць парог прымянення ядзернай зброі, але таксама павялічваюць рызыку магчымага недаразумення.

Раней кіраўнік NATO папярэджваў, што краіны альянсу ўжо пачалі ўкладваць сродкі ў распрацоўку сістэм абароны супраць найноўшых расейскіх ракет, уключаючы ракетны комплекс з крылатай ракетай вялікай далёкасці наземнага базавання 9М729 (паводле класіфікацыі NATO - SSC-8) і гіпергукавы ракетны комплекс «Авангард».

Еўропа не будзе адказваць размяшчэннем новых ракет

У інтэрв'ю Der Spiegel Енс Столтэнберг папярэдзіў, што NATO не будзе адказваць на расейскую высокатэхналагічную зброю размяшчэннем у Еўропе новых ракет з ядзерным набоем.

Як удакладняе часопіс, генеральны сакратар даваў сваё інтэрв'ю пасля 56-й Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Там прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон чарговым разам паўтарыў, што ўважае мэтазгодным пачаць «стратэгічны дыялог» пра ролю французскага ядзернага шчыта для абароны Еўропы.

«У нас ужо ёсць ядзерная абарона ў Еўропе - яе забяспечвае NATO», - адзначыў у гэтай сувязі генеральны сакратар. Ён дадаў, што не бачыць неабходнасці ў стварэнні новых структур за межамі альянсу. «Важна, каб NATO як шматнацыянальная арганізацыя займалася пытаннямі ядзернага стрымлівання. Ядзерная зброя - гэта сур'ёзная праблема», - указаў ён.

«Наша (стратэгія ядзернага. - Рэд.) стрымлівання павінна і далей заставацца вартай даверу, а гэта азначае, што мы павінны падладжвацца пад новыя абставіны», - дадаў ён.

Парыж павінен далучыцца да Групы ядзернага планавання

ў якасці альтэрнатывы Столтэнберг запрасіў Парыж далучыцца да Групы ядзернага планавання NATO. У склад гэтага органа ўваходзяць міністры абароны ўсіх краін NATO, за выключэннем Францыі. На пасяджэннях групы абмяркоўваецца шырокае кола пытанняў ядзернай палітыкі, уключаючы забеспячэнне бяспекі, надзейнасці сістэм сувязі, а таксама кантролю над узбраеннямі.

«Калі французы зменяць сваё меркаванне, мы ў любы час рады іх прыняць», - дадаў Столтэнберг.

Новая дактрына Францыі

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон 7 лютага выказаўся з нагоды новай французскай ядзернай дактрыны. Французскі лідар нагадаў, што Парыж размяшчае менш чым 300 ядзерных боегаловак. У той жа час у арсенале ЗША іх, са слоў Макрона, больш за шэсць тысяч, што прымушае Еўропу ў абаронным плане разлічваць на падтрымку Вашынгтона. У гэтай сувязі Макрон уважае мэтазгодным пачаць «стратэгічны дыялог» з еўрапейскімі партнёрамі. Ён заклікаў іх намагаць на «міжнароднай праграме кантролю над узбраеннямі». Акрамя таго, французскі лідар заявіў, што мае намер прапанаваць ім удзел у вайсковых вучэннях французскіх узброеных сілаў, звязаных з адлюстраваннем ядзернай пагрозы.

Апошнія навіны