BE RU EN

Вячаслава Сіўчыка трэцім разам асудзілі на 15 дзён

  • 20.02.2020, 11:47

Прысуд вынесены за абарону незалежнасці Беларусі.

Суддзя суда Партызанскага раёна Менска Наталля Дзядкова прысудзіла лідару руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыку новыя 15 дзён арышту, паведамляе «Радыё Свабода».

Сіўчыка абвінавацілі ў «парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства» за акцыю пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая прайшла 21 снежня 2019 года

Гэта ўжо трэція 15 дзён арышту, якія Сіўчыку прысудзілі ў Партызанскім раённым судзе леташніх снежаньскія акцыі (мінулыя два прысуды - ад суддзі Анатоля Барысёнка). Але магчыма, што гэтыя арышт не апошні: наступнае пасяджэнне адбудзецца ў тым жа судзе 24 лютага.

Два мінулыя прысуды Сіўчыку адкладалі больш, як на месяц, бо падсудны знаходзіўся за мяжой. Але ў выніку актывіста ўсё адно асудзілі завочна. Ён мяркуе, што пракурор сам павінен быў бы абскардзіць такія прысуды.

У пачатку мінулага тыдня ў дачыненні да Сіўчыка спынілі дзве адміністрацыйныя справы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах - выйшлі тэрміны даўніны правапарушэнняў.

За снежаньскія акцыі вынеслі прысуды больш як на год арышту і больш за 100 тысяч рублёў штрафаў.

Апошнія навіны