BE RU EN

Турцыя заявіла Расеі, што гатовая выцясняць войскі Асада ў Ідлібе

  • 18.02.2020, 16:04

Cтамбул патрабуе ад войскаў рэжыму пакінуць свае пазіцыі.

Турцыя заявіла Расейскай Федэрацыі, што яна скончыла падрыхтоўку сваіх сіл для таго, каб пачаць адціскаць у правінцыі Ідліб вайскоўцаў рэжыму Башара Асада на іх ранейшыя пазіцыі.

Як паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на CNN Türk, пра гэта заявіў прадстаўнік партыі ўлады «Справядлівасці і развіцця» Амер Чэлік.

Ягоная заява прагучала ў кантэксце кансультацый расейскай і турэцкай дэлегацый аб абвастрэннях у Ідлібе, якія адбыліся ў аўторак у Маскве. Перамовы скончыліся без якіх-небудзь заяў пасля іх правядзення.

«Калі рэжым не адыдзе да сваіх папярэдніх пазіцый, другому боку было выразна паведамлена, што мы ажыццявілі неабходную ваенную падрыхтоўку, каб забяспечыць гэта», - сказаў Чэлік.

У верасні 2018 года Турцыя і Расея дамовіліся стварыць у Ідлібе зону дээскалацыі з забаронай правядзення баявых дзеянняў, але апошнім часам войскі Асада актывізавалі наступ у правінцыі.

Напярэдадні сілы Асада пры падтрымцы РФ і праіранскіх паўстанцаў захапілі кантроль над вялікай часткай сельскай мясцовасці паблізу Алепа і рушылі глыбей ва ўтрымоўваную паўстанцамі густанаселеную правінцыю Ідліб.

Авіяцыя Расеі ў панядзелак нанесла масаваныя ўдары ў заходнім Алепа. Расея і Турцыя падтрымліваюць варожыя бакі ў канфлікце.

Наступ прымусіў сотні тысяч сірыйскіх грамадзянскіх асоб бегчы да мяжы з Турцыяй.

Апошнія навіны