BE RU EN

У Вільні прагучаць «400 гадоў беларускай вакальнай музыкі»

  • 17.02.2020, 17:10

У сталіцы Літвы ўзгадаюць агульных для дзвюх краін музычных аўтараў.

У красавіку ў Вільні пройдзе рэтраспектыўны канцэрт «400 гадоў беларускай вакальнай музыкі». На ім прагучаць творы аўтараў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Літвы і Беларусі з 17 стагоддзя і да нашых дзён, паведамляе карэспандэнт Сharter97.org у Вільні.

Усе творы будуць выконвацца на беларускай мове. У праграме - творы Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Напалеона Орды і іншых кампазітараў. Акрамя гэтага, на канцэрце будуць выкананыя псалмы з «Псалтыра рыфмаванага» Сімеёна Полацкага, вакальная лірыка з рукапіснага сшытка «Куранты», якія датуюцца 1733 годам, і творы з «Полацкага сшытка».

«400 гадоў беларускай вакальнай музыкі» для гасцей канцэрта выканаюць беларускія вакалісты Юрый Гарадзецкі (тэнар), Ілля Сільчукоў (барытон), Ірына Кучынская (сапрана). Партыю фартэпіяна выканае Паліна Задрэйка.

Вядоўцам канцэрта стане кіраўнік Беларускай Капэлы, прафесар Віктар Іванавіч Скарабагатаў. Канцэрт пройдзе ў віленскім White Piano Hall.

Апошнія навіны