BE RU EN

Леанід Судаленка: Уся краіна неўзабаве можа стаць банкрутам

  • 17.02.2020, 15:02

Зрабіць заводы канкурэнтаздольнымі ўлады не могуць.

У Бабруйску прадпрыемства «Белшына» прыпыніла дзейнасць адразу некалькіх сваіх заводаў для выпуску шын розных памераў.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Баста», праца двух заводаў спыненая да 21 лютага, аднаго - да 1 сакавіка. Рабочых пасылаюць у адпачынкі з захаваннем 2/3 заробку.

«Улічваючы, што за студзень заробкі значна скараціліся, можна ўявіць, што мы атрымаем за паўмесяца прастою», - цытуе тэлеграм-канал работнікаў.

«Увесь час такая сістэма»

Карэспандэнты «Белсату» не змаглі атрымаць афіцыйнага каментара кіраўніцтва прадпрыемства. Але самі работнікі пацвердзілі нам спыненне працы.

Са слоў суразмоўцаў, заводы ўжо стаяць. Работнікі працуюць згодна з «сярэднім тарыфам» - прыбіраюцца на тэрыторыях заводаў.

«Пачатак года. У нас увесь час такая сістэма. Яшчэ кантракты не ўкладзеныя, напэўна, і таму на тыдзень спынілі пакуль [заводы. - Заўвага.]. А потым будуць працаваць», - сказалі суразмоўцы.

Заводы сталі цэнтрамі занятасці людзей

Юрыст прафзвязу РЭП Леанід Судаленка падкрэсліў, што спыненне заводаў выкліканае няздольнасцю іх кіраўніцтва працаваць рэнтабельна без дзяржаўнай падтрымкі.

«Белшына» - гэта ж стратнае прадпрыемства. Адны выдаткі ў яго. Яны [беларускія заводы. - Заўвага.] сёння проста працуюць для таго, каб людзей на вуліцу не выкідаць. Свайго кшталту гэта цэнтры занятасці насельніцтва, - заявіў юрыст.

Ён адзначыў, што такая ж сітуацыя была ў студзені і на «Гомсельмашы», прадукцыя якога «нікому не патрэбная».

«Калі закрыць гэтае прадпрыемства, а яно горадаўтваральнае, людзі пойдуць на вуліцу. Пачнуцца дэманстрацыі пратэсту. Хтосьці выкарыстоўвае гэта. У тым ліку - незалежныя прафзвязы. Аб'яднаюць гэтых людзей. Улада гэтага баіцца, яна адчувае гэтую небяспеку», - мяркуе Леанід Судаленка.

З ягоных слоў, улада «напампоўвае грашыма» стратныя прадпрыемствы, каб людзі не выходзілі на вуліцы, а пасля іх прадукцыю перадаюць стратным жа калгасам. У выніку чаго, на думку суразмоўцы, уся краіна неўзабаве можа стаць банкрутам. А зрабіць заводы канкурэнтаздольнымі ўлады не могуць, заявіў прадстаўнік прафзвязу РЭП.

Апошнія навіны