BE RU EN

Пад Смаленскам расціснулі амаль 38 тон «беларускіх» памэлаў

  • 17.02.2020, 11:01

Перавозчыкі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Быццам бы гэтыя цытрусавыя на беларускай мяжы яшчэ не ціснулі. Ды яшчэ ў такой колькасці. Да гэтага расейскія кантрольныя ведамствы бульдозерамі ездзілі па тонах санкцыйных яблыкаў і персікаў, спальвалі цвыркуноў і мясныя паўфабрыкаты. Але памэла - даволі новы прадукт у спісе тых, якім не дазволілі прабрацца ў Расею праз празрыстую мяжу, піша «Онлайнер».

Дзве партыі памэлаў агульнай вагой 37,8 тоны знішчаныя 13 лютага на сметніку пад Смаленскам, пра гэта інфармуе Рассельгаснагляд. Паведамляецца, што пакаранне праведзена ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб каранцінным фітасанітарным кантролі на мытнай тэрыторыі ЕАЭС.

Паводле інфармацыі кантралёраў, два грузавікі пад кіраваннем грамадзян Беларусі раней былі спыненыя расейскімі мытнікамі, калі ехалі ў аб'езд фітасанітарных пастоў. Паводле дакументаў у грузавых адсеках павінна было знаходзіцца помпавае абсталяванне. Замест яго выявілі памэлы. Суправаджальных дакументаў на цытрусавыя не было.

«Гэта акалічнасць не дазволіла дакладна высветліць паходжанне і бяспеку садавіны ў фітасанітарных патрабаваннях», - не давяраюць у Рассельгаснаглядзе айчынным вытворцам памэлаў.

Вознікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а падкаранцінная прадукцыя знішчаная «шляхам пахавання пасля папярэдняга здрабнення». Ні ў якім разе нельга пераблытаць.

Апошнія навіны