BE RU EN

Рух супраць БелАЭС мае намер спыніць запуск атамнай станцыі

  • 15.02.2020, 18:13

Літоўскі рух адправіць ліст Лукашэнку і накіруе петыцыю ў Еўрапарламент.

15 лютага ў парламенце Літвы прайшоў першы з'езд Руху супраць Астравецкай АЭС. На першым з'ездзе прысутнічалі вядомыя літоўскія і замежныя палітыкі: кіраўнік аднаўленчага Сойма Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, цяперашні спікер Сойма Віктарас Пранцкеціс, былы кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін, еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус і іншыя. Беларусь прадстаўлялі кіраўнік «Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў» Павал Севярынец, кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька і кіраўнік беларускай партыі зялёных Дзмітрый Кучук, паведамляе карэспандэнт Charter97.org.

ФОТА: CHARTER97.ORG

Нобелеўская лаўрэатка, пісьменніца Святлана Алексіевіч вітала ўдзельнікаў першага з'езду Руху супраць Астравецкай АЭС праз тэлефон. Алексіевіч адзначыла, што ўлады Беларусі вынеслі нуль урокаў з Чарнобыля. Нобелеўская лаўрэатка дадала, што Крэмль «усё яшчэ трымае нас на павадку» і адным з метадаў уплыву на ўлады Беларусі можа быць ціск з боку Заходніх краін.

У прывітальным слове першы фактычны кіраўнік Літвы пасля аднаўлення незалежнасці Вітаўтас Ландсбэргіс нагадаў, што будаўніцтва беларускай АЭС суправаджаецца мноствам інцыдэнтаў, пра якія пішуць СМІ і паведамляе дзяржаўны дэпартамент Літвы. Палітык назваў будаўніцтва БАЭС халтурай і адзначыў, што тыя шматлікія інцыдэнты, пра якія мы ведаем - гэта толькі верхавіна айсберга, бо беларускі бок і «Расатам» хаваюць частку інцыдэнтаў, што адбыліся падчас будаўніцтва. «Тэмпы будаўніцтва там важнейшыя за людзей і бяспеку», - заявіў Ландсбэргіс.

Рух супраць Астравецкай АЭС ставіць перад сабой мэту спыніць будаўніцтва небяспечнай станцыі, дамагчыся, каб адмова ад куплі электраэнэргіі з яе стала законам не толькі ў Літве, але і ва ўсім Еўразвязе.

Пазіцыя прадстаўнікоў Беларусі

На з'ездзе руху выступілі і прадстаўнікі Беларусі - кіраўнік «Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў» Павал Севярынец, кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька і кіраўнік беларускай партыі зялёных Дзмітрый Кучук. Усе яны падзякавалі Літве за ініцыятыву і за запрашэнне на форум.

«Астравецкая АЭС - гэта расейская ядзерная бомба, якую падклалі пад самыя межы Еўразвязу - за 45 км ад Вільні. Гэта стратэгічны праект Пуціна ў гібрыднай ядзернай вайне, якой ён палохае ўсё чалавецтва. Зроблены гэты праект рукамі дыктатара Лукашэнкі. Зараз на Захадзе мы чуем упэўненыя галасы: «Давайце падтрымаем Лукашэнку, давайце закрыем вочы на Астравецкую АЭС, бо Лукашэнка - гарант незалежнасці Беларусі ад Крамля». Напраўду Лукашэнка - гарант толькі ўласнай дыктатарскай улады», - сказаў у сваёй прамове кіраўнік «Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў» Павел Севярынец.

Кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька ў сваім выступе адзначыў, што ў мінулым годзе восем беларускіх партый падпісалі дакумент, які фіксуе стаўленне да АЭС. «Гэты дакумент вельмі сугучны таму, пра што мы гаворым сёння тут», - растлумачыў палітык.

«Калі вы паедзеце да АЭС, вы ўбачыце ўказальнік - «Беларуская АЭС». Больш правільна было б паставіць іншы ўказальнік - «пуцінска-лукашэнкаўская АЭС», таму што з пункту гледжання перспектывы будучыні - там няма нічога беларускага. Ад беларускага там толькі грошы падаткаплацельшчыкаў - 10 млрд крэдыту, які будуць аддаваць нашы людзі. Сёння мы бачым праблему не толькі для беларусаў, але і для ўсяго насельніцтва ЕЗ», - заявіў Лябедзька.

Кіраўнік беларускай партыі зялёных Дзмітрый Кучук нагадаў, што Беларусь больш за іншых пацярпела ад Чарнобыльскай АЭС, але не вынесла з гэтага належных урокаў.

«Лукашэнка аднаасобна сваім указам прыняў пастанову аб будаўніцтве АЭС. Будаўніцтва вядуць падрадчыкі без адпаведнай ліцэнзіі і гэта вядзе да нездавальняючай якасці працы, станцыя ўжо забрала некалькі чалавечых жыццяў. Беларусь не выконвае рэкамендацыі місіі МАГАТЭ. Замест развязання праблем улады займаюцца пустой балбатнёй, у краіне няма спецыялістаў, якія могуць весці эксплуатацыю станцыі. Мы заклікаем міжнародную супольнасць звярнуць увагу на гэтую будоўлю як на бомбу запаволенага дзеяння», - заявіў Кучук.

Петыцыя і ліст Лукашэнку

На з'ездзе быў зацверджаны тэкст петыцыі Еўрапарламенту і ліст да Аляксандра Лукашэнкі. У петыцыі - пяць патрабаванняў:

- прыняць пастанову аб тым, што на беларускай атамнай электрастанцыі падчас будаўніцтва першага рэактара былі дапушчаныя сур'ёзныя парушэнні, галоўнае з якіх - выбар пляцоўкі.

- заклікаць ядзерныя рэгулятары Беларусі не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю АЭС у неналежным месцы. Калі ўлады Беларусі і Расатам наважаць працягнуць будаўніцтва другога, трэцяга і чацвёртага рэактараў, ЕЗ павінен патрабаваць іх перамяшчэння і закрыцця або перамяшчэння першага рэактара.

- заклікаць Еўрапейскую камісію і Еўрапейскую Раду выказаць поўную салідарнасць з Літвой у тым, што Астравецкая АЭС пагражае нацыянальнай бяспецы і прыняць законы, якія забараняюць імпарт электраэнэргіі з гэтай станцыі.

- заклікаць Еўрапейскую камісію, Раду Еўрапейскага Звязу, асацыяваныя краіны і стратэгічных партнёраў ЕЗ разгледзець пытанне аб санкцыях супраць Расатама і іншых кампаній, якія адказваюць за будаўніцтва і маркетынг на Астравецкай АЭС.

- паскорыць працэс сінхранізацыі электрасетак краін Балтыі з кантынентальнай Еўропай да 2025 года, каб знізіць залежнасць краін Балтыі ад расейскіх крыніц энэргіі.

З поўным тэкстам петыцыі можна азнаёміцца па спасылцы.

Акрамя петыцыі, дэлегаты першага з'езда Руху супраць Астравецкай АЭС зацвердзілі тэкст ліста Аляксандру Лукашэнку. «Мы прапануем вам не садзейнічаць запуску 1-га блока гэтай атамнай станцыі, ігнаруючы міжнародныя патрабаванні бяспекі і наша добрасуседства; мы прапануем разгледзець пытанне што да АЭС на мясцовым узроўні двухбаковага кантэксту стасункаў Беларусь-Літва і Беларусь-Еўрапейскі Звяз», - гаворыцца ў лісце.

Апошнія навіны