BE RU EN

З'явіўся трэйлер беларускага фільма, дзе зняліся толькі беларускія артысты

  • 11.02.2020, 18:02

Фільм распавядае пра інтрыгі магнатаў Рэчы Паспалітай.

Кінастудыя «Беларусьфільм» апублікавала трэйлер фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча», які быў зняты паводле рамана Людмілы Рублеўскай. Гэта адзін з рэдкіх айчынных кінапраектаў, у якім прынцыпова былі задзейнічаныя толькі беларускія артысты. Стужка выйдзе ў пракат 19 сакавіка, паведамляе tut.by.

Генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, які выступіў таксама генпрадусарам праекта, назваў гісторыка-прыгодніцкі праект «беларускімі гардэмарынамі». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам стаў Аляксандр Анісімаў.

Сюжэт фільма будуецца вакол юнага шляхціца са збяднелага праваслаўнага роду. Пранціш Вырвіч вымушаны бегчы з Менскага езуіцкага калегіума, адпомсціўшы выкладчыку латыні за смерць свайго сябра. У шляху Пранціш выпадкова становіцца ўладальнікам незвычайнай «маёмасці» - доктара, алхіміка і навукоўца Бутрамея Ледніка, вымушанага пайсці ў слугаванне праз пазыкі. Сустрэча становіцца для герояў лёсавызначальнай - горды і адчайны шляхціц Вырвіч, харызматычны доктар Леднік і ягоная ўмілаваная Саламея Рэніч трапляюць у вір інтрыг уплывовых магнатаў вакол трона Рэчы Паспалітай. Героі гатовыя бараніць не толькі свой гонар і свабоду, але і са зброяй у руках заступіцца за гонар радзімы.

У стужцы зняліся Іван Трус, Георгій Пятрэнка, Вераніка Пляшкевіч, Сяргей Юрэвіч, Вячаслаў Паўлюць, Яўгенія Анікей, Віктар Манаеў, Сяргей Савянкоў, Канстанцін Міхаленка, Дзмітрый Есяневіч.

Апошнія навіны