BE RU EN

Міністр юстыцыі Польшчы патрабуе забараніць Камуністычную партыю

  • 6.12.2020, 18:42

Збігнеў Зёбра мяркуе, што дзейнасць Камуністычнай партыі Польшчы супярэчыць Канстытуцыі РП.

Міністр юстыцыі і генеральны пракурор Польшчы Збігнеў Зёбра падаў пазоў у Канстытуцыйны суд пра дэлегалізацыю Камуністычнай партыі Польшчы, паведамляе «Польскае радыё».

Камуністычная партыя Польшчы (КПП) – польская палітычная партыя, заснаваная і зарэгістраваная ў 2002 годзе. Яна ўважае сябе гістарычнай і ідэйнай спадчынніцай КПП, якая дзейнічала ў 1918–1938 гадах, а таксама прадаўжальніцай традыцый Польскай аб'яднанай працоўнай партыі (ПАПП), якая дзейнічала ў ПНР.

Паводле паведамлення Дзяржаўнай пракуратуры, пазоў пададзены ў выніку пісьмовых заяваў ад фізічных асобаў. «У лістах, адрасаваных пракуратуры, гаворыцца, што КПП у сваёй праграме і практыцы звяртаецца да таталітарных метадаў і практык камунізму, што супярэчыць Канстытуцыі РП», – напісана ў камюніке.

Генеральная пракуратура таксама паведамляе, што аналіз дзейнасці КПП паказвае, што чальцы гэтай палітычнай групоўкі ставяць пад сумнеў дэмакратычны парадак Рэспублікі Польшча, заклікаючы да рэвалюцыі на прыклад кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі.

Паводле ацэнкі Дзяржаўнай пракуратуры, мэтай КПП з'яўляецца не толькі заваёва ўлады, але і прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыя прамысловага сектара.

«З гэтай прычыны Генеральны пракурор прыйшоў да высновы, што мэты і дзеянні КПП не адпавядаюць Канстытуцыі, і яе дзейнасць павінна быць спыненая».

Апошнія навіны