BE RU EN

Швейцарскі банк адмовіў расейскаму алігарху Вексельбергу ў доступе да актываў праз санкцыі

  • 6.12.2020, 10:56

Грошы патрэбныя бізнэсоўцу для выплаты крэдыту сумаю $160 мільёнаў.

Расейскі бізнэсовец і ўладальнік ГК "Ренова" Віктар Вексельберг не змог вярнуць доступ да сваіх актываў у Швейцарыі, паведамляе мясцовая газета Tages-Anzeiger (пераклад - РБК). Банк Julius Baer, які выступаў адказчыкам паводле пазову, адмаўляе бізнэсоўцу праз санкцыі ЗША.

Фармальна пазоў да банка падала зарэгістраваная на Кіпры холдынгавая кампанія Lamesa, адным з бенефіцыяраў якой з'яўляецца Вексельберг. Lamesa патрабавала ад Julius Baer доступу да намінаваных у далярах ЗША каштоўных папераў, якія знаходзяцца на банкаўскім рахунку і заблакаваныя ў сувязі з абмежаваннямі Вашынгтона ад красавіка 2018 года.

Пазоўнік уважаў замарожванне рахункаў неабгрунтаваным, бо Lamesa Holding не знаходзіцца ў санкцыйным спісе. Аднак 16 лістапада суд Цюрыха адхіліў пазоў Lamesa - суддзя прыраўнаваў холдынгавую кампанію да Вексельберга і прызнаў законнасць санкцый. Суд прызнаў правамернасць блакавання рахункаў кампаніі, адмовы ад транзакцый і выплат дывідэндаў па каштоўных паперах.

У пастанове суда гаворыцца, што калі Julius Baer праігнаруе санкцыі ЗША, то банку пагражаюць буйныя штрафы.

Паводле інфармацыі Tages-Anzeiger, Вексельберг мае намер абскардзіць пастанову суда на працягу 30 дзён. Газета піша, што доступ да актываў бізнэсоўцы, якія захоўваюцца ў Julius Baer, неабходны для выплаты крэдыту ў суме $160 млн.

Апошнія навіны