BE RU EN

Краўчук растлумачыў, якім можа быць план «Б» па Данбасу

  • 6.12.2020, 10:06

Украіна прапануе Захаду нечаканыя захады супраць РФ.

Калі ў перамовах па Данбасу не будзе зрухаў, Украіна прапануе Захаду адключыць Расею ад міжнароднай аплатнай сістэмы. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Украина 24» увечары 5 снежня паведаміў кіраўнік украінскай дэлегацыі ў трохбаковай кантактнай групе, першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук.

Адказваючы на пытанне журналіста, які ў Кіева можа быць план Б па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, Краўчук сказаў: «Тут я скажу сваё меркаванне. Калі да канца года... гэта не адбудзецца, то, я думаю, пачатак новага года будзе пачаткам новага стандарту нашага разумення сітуацыі, нашых пошукаў новых уплываў і нашых прапаноў адносна ціску на агрэсара... гэта могуць быць санкцыі, якія называюцца міжнародная аплатная сістэма. Мы будзем гэта прасіць і патрабаваць».

Ён падкрэсліў, што Украіна спадзяецца на дыпламатычнае ўрэгуляванне сітуацыі, таму што вайна не з'яўляецца «філасофіяй дэмакратычнай Украіны».

«Калі Расея не хоча дамовіцца дыпламатычным палітычным шляхам, мы павінны зрабіць усё, каб яе прымусілі спыніць агрэсію і аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны праз ціск сусветнай супольнасці і Украіны. А формы ціску мы знойдзем», - адзначыў Краўчук.

На пытанне, ці дапаможа ваеннае становішча перамагчы ў вайне на Данбасе, Краўчук адказаў: «Ні ў якім разе».

Пра план Б па Данбасу ў 2019 годзе казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён заяўляў, што ў выпадку, калі тэрыторыю Данбаса не атрымаецца вызваліць у найбліжэйшы час, жыхарам акупаваных тэрыторый забяспечаць магчымасць пачакаць гэтага на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі.

У траўні кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак распавядаў, што Украіна мае намер да канца года зрабіць тое, што залежыць ад яе для завяршэння вайны на Данбасе.

У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, Расея пачала ўзброеную агрэсію на ўсходзе Украіны. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскім войскам і баевікамі, якіх падтрымлівае Расея, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на факты і доказы, якія падае Украіна.

Перамовы аб урэгуляванні канфлікту на Данбасе вядуцца ў трохбаковай кантактнай групе ў Менску (Украіна, Расея, АБСЕ), а таксама ў нармандскім фармаце - з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі. На перамовах у Менску прысутнічаюць прадстаўнікі баевікоў «ДНР» і «ЛНР».

Апошнія навіны