BE RU EN

Расейцаў заклікалі адмовіцца ад алкаголю на 42 дні пасля вакцынацыі ад каранавірусу

  • 4.12.2020, 23:14

У 14% валанцёраў, прышчэпленых расейскай вакцынай, у ходзе даследаванняў выявіліся пабочныя эфекты.

Грамадзянаў Расеі, якія маюць намер вакцынавацца ад COVID-19, заклікалі не ўжываць алкаголь 42 дня. Пра гэта 4 снежня падчас брыфінгу паведаміла віцэ-прэм'ерка РФ Таццяна Голікава.

Паводле ейных словаў, вакцына двухэтапная, ужываецца праз 21 дзень. Таму цягам усіх 42 дзён неабходна выконваць захады бяспекі.

"[Рэкамендуецца] ўстрымацца ад наведвання месцаў з вялікай колькасцю людзей, выконваць масачны рэжым і рэжым гігіены, мінімізаваць кантакты, выконваць сацыяльную дыстанцыю, абмежаваць прыняцце алкаголю і лекаў, якія прыгнятаюць імунную сістэму", – паведаміла Голікава.

Яна падкрэсліла, што 42 дні займае працэс фармавання паўнавартаснага імунітэту ад каранавірусу, незалежна ад таго, якой вакцынай прышчапляцца. У гэты перыяд важна не заразіцца новай інфекцыяй, адзначыла Голікава.

"Вакцынацыя – гэта не толькі абарона, але і адказнасць. Прымаючы такую пастанову, мы павінны гэтым кіравацца", – заявіла віцэ-прэм'ерка.

Паводле словаў Голікавай, на першым этапе магчымасць паставіць прышчэпкі будзе дадзеная групам рызыкі – настаўнікам, медыкам, сацыяльным работнікам, супрацоўнікам праваахоўных органаў. Дакладны пералік прыярытэтных катэгорый зацвердзіць Міністэрства аховы здароўя РФ.

Усплёск каранавіруснай інфекцыі пачаўся ў канцы 2019 года ў Кітаі. 11 сакавіка 2020 года Сусветная арганізацыя здароўя абвесціла распаўсюджванне каранавірусу пандэміяй. У свеце вядзецца распрацоўка больш як 200 патэнцыйных вакцынаў ад COVID-19, заявіў гендырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Адханом Гебрэесус.

Кіраўнік навуковай экспертызы расейскага праекта Inbio Ventures Ілля Ясны мяркуе, што рэгістрацыя расейскай вакцыны супраць каранавірусу супярэчыць навуковым і этычным нормам распрацоўкі лекаў. Ён паказваў, што прэпарат быў зарэгістраваны пасля выпрабаванні на некалькіх дзясятках чалавек, а фінальная стадыя клінічных даследаванняў не праводзілася. У ЗША заявілі, што расейская вакцына ўважаецца недапрацаванай.

У 14% валанцёраў, прышчэпленых вакцынай "Спадарожнік V", у ходзе даследаванняў выявіліся пабочныя эфекты.

Апошнія навіны