Святлана Алексіевіч у Радзе ААН: Неабходна стварэнне спецмехахнізму расследавання злачынстваў рэжыму
- 4.12.2020, 21:15
Нобелеўская лаўрэатка заклікала выкарыстоўваць усе наяўныя ў ААН сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі.
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч заклікала Раду ААН у правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яе сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання, паведамляе Naviny.by.
Алексіевіч вымушана пакінула краіну ў канцы верасня і знаходзіцца ў Нямеччыне.
«Мая родная Беларусь перажывае адзін з драматычных момантаў у сваёй гісторыі», - заявіла пісьменніца, выступаючы 4 снежня ад імя міжнароднага ПЭН-цэнтра ў ходзе інтэрактыўнага дыялогу Рады ААН у правах чалавека (СПЧ) па сітуацыі ў Беларусі.
«Тысячы беларусаў і беларусак выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту, супраць несправядлівасці і фальсіфікацый. Але ўлады адказваюць новымі актамі запалохвання, арыштамі і катаваннямі», - сказала Алексіевіч. Яна падкрэсліла, што сотням людзей у Беларусі пагражае крымінальны пераслед, шмат хто быў вымушаны пакінуць краіну.
«На жаль, як часта ўжо бывала ў беларускай гісторыі, моманты найвышэйшага духоўнага ўздыму неаддзельныя ад ахвяр, - адзначыла пісьменніца. - 11 лістапада малады мастак Раман Бандарэнка стаў ахвярай несправакаванага гвалту з боку людзей з закрытымі тварамі, якія збілі яго. Ён быў дастаўлены ў міліцыю, а затым у бальніцу ў коме з цяжкімі траўмамі галавы. 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі».
Яна падкрэсліла, што беларускае грамадства і інтэлектуальная эліта краіны з'яўляюцца «прыхільнікамі мірнага развязання грамадска-палітычнага крызісу, дыялогу».
«Аднак дыялог не можа рэалізавацца любой цаной, - сказала яна. - Ад імя грамадзянскай супольнасці я заклікаю Раду ААН у правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яго сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання».
Падчас інтэрактыўнага дыялогу Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачалет прадставіла агляд сітуацыі ў Беларусі. Яна адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі не толькі не палепшылася, але ў апошнія тыдні яшчэ больш пагоршылася.
«Я занепакоеная прымяненнем сілы падчас мірных сходаў, - сказала Бачалет. - Улады павінны садзейнічаць правядзенню мірных акцый пратэсту, прымяненне сілы павінна быць прапарцыйнае і выключнай мерай».
Камісар заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць парушэнні правоў чалавека ў краіне. «Заклікаю неадкладна вызваліць усіх, хто быў незаконна затрыманы за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў, стварыць спрыяльнае асяроддзе для працы адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў, а таксама забяспечыць выкананне права грамадзян на свабоду слова і сходаў, забяспечыць незалежнае і адкрытае расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання», - сказала Бачалет.